Пошук

Падрыхтоўчая сустрэча да форума “Эканоміка Францішка” ў Бразіліі. Ілюстрацыйнае фота Падрыхтоўчая сустрэча да форума “Эканоміка Францішка” ў Бразіліі. Ілюстрацыйнае фота 

Форум “Эканоміка Францішка” стартуе праз два дні

Праз некалькі дзён распачнецца міжнародны форум маладых эканамістаў і прадпрымальнікаў “Эканоміка Францішка”. У сувязі з пандэміяй ён будзе праходзіць у фармаце анлайн-канферэнцыі.

Удзельнікі ініцыятывы, скліканай Святым Айцом, паспрабуюць распрацаваць прапановы па змене актуальнай эканамічнай мадэлі, каб зрабіць яе больш накіраванай да патрэб людзей, у першую чаргу, самых бедных.

Гаворка ідзе пра самы маштабны рух маладых эканамістаў і прадпрымальнікаў у свеце, - заўважыў у каментары для Vatican News Луіджына Бруні, выкладчык палітычнай эканомікі рымскага ўніверсітэта LUMSA і навуковы дырэктар форума “Эканоміка Францішка”.

На думку эксперта, у эканоміцы абавязкова павінны ўлічвацца маральныя каштоўнасці і адносіны паміж людзьмі. Сёння бізнесу больш за ўсё не хапае “духоўнага капіталу”. Існуе неадкладная патрэба ў заахвочванні бедных, адкрыцці ключавой ролі моладзі і развіцці духоўнага жыцця.

Арганізатары хочуць пачуць голас маладых людзей і дапамагчы ім развіць сваё бачанне сітуацыі, - адзначыла член навуковага камітэта форума, сястра Алесандра Смэрылі. “Эканоміка Францішка” азначае, у першую чаргу, маладосць, надзею і канкрэтыку. Форум заахвочвае маладых людзей не да распаўсюджвання пэўнага паслання, а да яго стварэння”, - падкрэсліла манахіня.

Першапачаткова сустрэча маладых бізнесменаў і экспертаў у сферы эканомікі планавалася ў сакавіку 2020 г. Яна павінна была адбыцца ў італьянскім горадзе Асізі, на радзіме св. Францішка. Гэтаму перашкодзіла пандэмія. Форум будзе праходзіць з 19 па 21 лістапада ў анлайн-фармаце. У ім прымуць удзел прадстаўнікі 115 краін, сярод іх: лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Мухамад Юнус і Амарція Сэн, а таксама шэраг іншых выбітных эканамістаў і сацыёлагаў.

Сачыць за мерапрыемствам можна будзе на сайце francescoeconomy.org. Святы Айцец накіруе яго ўдзельнікам спецыяльнае пасланне.
 

17 лістапада 2020, 13:16