Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп П’ербаціста Піцабала Арцыбіскуп П’ербаціста Піцабала 

Блізкаўсходні іерарх: Еўропа забылася пра міжнародныя праблемы

Апостальскі адміністратар лацінскага Іерусалімскага Патрыярхату папярэдзіў аб магчымасці ўзмацнення напружанасці на Блізкім Усходзе. “Існуе тэрміновая патрэба ў фарміраванні даверу”, - лічыць ён.

Пагадненне паміж Ізраілем і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, заключанае пры ўдзеле Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, яшчэ больш ізалюе палестынцаў, - лічыць арцыбіскуп П’ербаціста Піцабала. У той жа час ён выказаў шкадаванне з прычыны таго, што ізраільска-палестынскае пытанне даўно адсутнічае ў парадку дня міжнародных спраў.

“Палестынцы ўжо дастаткова ізаляваныя! Цяпер нават адносна арабскага свету яны апынуліся ў яшчэ большай ізаляцыі. Мы павінны спытаць сябе, як з гэтага выйсці, як рухацца далей? На Блізкім Усходзе не будзе стабілізацыі, пакуль няма яснага і гуманнага рашэння для палестынскага народа”, - сказаў арцыбіскуп Піцабала ў інтэрв’ю Vatican News.

Па словах Апостальскага адміністратара, той факт, што структуры на ўсім Блізкім Усходзе змяніліся, яскрава дэманструецца ліванскім пытаннем, вайной у Сірыі і інтэрвенцыянізмам турэцкага Прэзідэнта Эрдагана.

“Галоўныя гульцы ў гэтай сітуацыі – Турцыя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Саудаўская Аравія і Іран. Варта памятаць і пра Расію, ЗША і Кітай. Ліван і Сірыя, а таксама Ірак знаходзяцца на іншым полі бою. З іншага боку, Еўропа настолькі захоплена ўласнымі праблемамі, што гэты кантынент, здаецца, забыўся пра свае міжнародныя праблемы”, - заўважыў арцыбіскуп Піцабала.

У цяперашняй сітуацыі было б недапушчальным адмовіцца ад канцэпцыі дзвюх дзяржаў: ізраільскай і палестынскай, - заявіў іерарх. Паводле яго, таксама сцяна (якая аддзяляе Ізраіль ад палестынскіх тэрыторый) з’яўляецца прыкметай адсутнасці перспектыў.

Таму важна знайсці палітыкаў, якія маюць канцэпцыю і якія возьмуць на сябе адказнасць.

“Нам трэба пачынаць нанова, маючы на ўвазе ўрокі мінулага, уключаючы няўдачы, такія як Осла (пагадненне Ізраіля і Арганізацыі вызвалення Палестыны 1993 г., падпісанае ў нарвежскай сталіцы) і розныя іншыя пагадненні. І гэта запатрабуе часу”, - заключыў Апостальскі адміністратар Іерусалімскага Патрыярхату.

Арцыбіскуп Піцабала таксама звярнуў увагу, што пандэмія каронавіруса, якая ўспыхнула гэтай вясной, паўплывала на Блізкі Усход у значна меншай ступені, чым на Еўропу. Але потым была больш трывожная хваля. Акрамя рызыкі для здароўя, гэта перш за ўсё сацыяльныя і эканамічныя рызыкі. Многія сем’і апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы, асабліва на палестынскіх тэрыторыях, эканамічна самых слабых на Блізкім Усходзе.
 

23 кастрычніка 2020, 12:16