Пошук

Школа ў Кумба. Ілюстрацыйнае фота Школа ў Кумба. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак асудзіў варварскі напад на школу ў Камеруне

Святы Айцец выказаў спачуванні сем’ям дзяцей, якія загінулі ў выніку тэрарыстычнага нападу на школу ў горадзе Кумба, на паўднёвым захадзе Камеруна.

“Адчуваю глыбокую збянтэжанасць па прычыне гэтага надзвычай бязлітаснага і бязглуздага ўчынку, які адабраў жыццё ў нявінных дзяцей, прысутных на занятках у школе. Няхай Бог асвеціць сэрцы, каб такія ўчынкі больш не паўтараліся ніколі і каб у спакутаваных рэгіёнах на паўночным і паўднёвым захадзе Камеруна нарэшце запанаваў мір. Заклікаю, каб змоўкла зброя, каб усім была гарантавана бяспека, а кожнаму маладому чалавеку – права на адукацыю і будучыню”, - сказаў Папа на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 28 кастрычніка 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Пантыфік выказаў сваю блізкасць усяму насельніцтву Камеруна і запэўніў у малітве аб суцяшэнні, якім толькі Бог можа адарыць.

Трагедыя здарылася ў суботу 24 кастрычніка 2020 г. у міжнароднай прыватнай школе ў рэгіёне, дзе дзейнічаюць сепаратысцкія групоўкі. Баевікі адкрылі хаатычны агонь па школьніках, пасля чаго ўцяклі з месца злачынства. Паводле паведамленняў СМІ, у выніку тэракту загінулі па меншай меры 9 дзяцей, 12 атрымалі раненні.
 

28 кастрычніка 2020, 10:40