Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Ватыканска-кітайскае пагадненне мае станоўчыя вынікі

Вынікі Часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і КНР аб прызначэнні біскупаў абмежаваныя, але станоўчыя, што дае падставу для распачацця новага тэрміну яго дзеяння, - лічыць галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Андрэа Тарніелі нагадаў, што Часовае пагадненне, падпісанае 22 верасня 2018 г. у Пекіне, губляе сілу 22 кастрычніка 2020 г. Па выніках двух “эксперыментальных” гадоў рэалізацыі дамоўленасці бакі павінны або надаць дамоўленасці сталы характар, або прыняць іншае рашэнне. Па словах кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна, Святы Пасад мае намер прапанаваць кітайскім уладам адтэрміноўку і ажыццяўленне Пагаднення ў яго часовай форме, “як рабілася на працягу гэтых першых двух гадоў, каб у далейшым выявіць яго карыснасць для Касцёла ў Кітаі”.

Кітайскія іерархі падчас Сінода Біскупаў сустракаюцца з Папам
Кітайскія іерархі падчас Сінода Біскупаў сустракаюцца з Папам

Як заўважыў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ, матэрыя Пагаднення была дакладна акрэслена ўжо ў першым паведамленні Святога Пасаду і кітайскага ўрада, сумесна апублікаваным 22 верасня 2018 г. У ім падкрэслівалася, што дакумент непасрэдна не датычыць ні дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Кітаем, ні юрыдычнага статусу Каталіцкага Касцёла ў Кітаі, ні стасункаў паміж духавенствам і ўладамі краіны. Часовае пагадненне рэгулюе выключна працэс прызначэння біскупаў: сутнасна важнае пытанне для жыцця Касцёла і для лучнасці кітайскіх пастыраў з біскупам Рыма і светам.

Такім чынам, Пагадненне ніколі не мела ні чыста дыпламатычнай, ні, тым больш, палітычнай мэты: яно заўсёды вызначалася душпастырскім характарам і было накіравана на тое, каб “дазволіць католікам мець біскупаў, якія б знаходзіліся ў поўнай лучнасці з Наступнікам св. Пятра і адначасова былі прызнаныя ўладамі КНР”

, - адзначыў італьянскі ватыканіст.

Па яго словах, пра гэта сведчыць і змест паслання Францішка “Да кітайскіх католікаў і Паўсюднага Касцёла”, абнародаванага ў верасні 2018 г., адразу пасля падпісання дамоўленасці. У ім, між іншым, сцвярджаецца, што раны і падзелы ўнутры Каталіцкага Касцёла ў Кітаі сканцэнтраваны “найперш вакол асобы біскупа як захавальніка аўтэнтычнасці веры і гаранта эўхарыстычнай камуніі”, і выказваецца занепакоенасць тым, што ўмяшанне палітычных структур ва ўнутранае жыццё католікаў выклікае феномен т. зв. “падпольных” супольнасцей, якія імкнуцца пазбавіцца палітычнага кантролю над рэлігійным жыццём.

Адзінай мэтай Часовага пагаднення Францішак бачыць “падтрымку і спрыянне абвяшчэнню Евангелля ў Кітаі, аднаўленне поўнай і бачнай еднасці ў Касцёле”.

Тарніелі нагадаў, што ў выніку доўгага працэсу перамоў, ініцыяванага яшчэ папярэднімі Пантыфікамі, пасля разважанняў, малітваў і аналізу кожнага асобнага выпадку, Святы Айцец аднавіў поўную лучнасць з кітайскімі біскупамі, пасвечанымі без папскага мандата.

На думку галоўнага рэдактара ватыканскіх СМІ, вынікі Часовага пагаднення хоць і абмежаваныя, але станоўчыя, што можа служыць на карысць рашэння аб распачацці новага перыяду дзеяння дамоўленасці.
 

30 верасня 2020, 11:53