Пошук

Vatican News
Кс. Януш Урбанчык Кс. Януш Урбанчык 

Святы Пасад у АБСЕ пра эфектыўнасць барацьбы з тэрарызмам

Чыста юрыдычных крокаў і ўзмоцненых мер бяспекі недастаткова для паспяховай барацьбы з тэрарызмам і радыкалізацыяй моладзі, - заявіў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы на форуме АБСЕ.

Неабходна выбудоўваць культуру сустрэчы і дыялогу, - падкрэсліў кс. Януш Урбанчык. Мясцовае грамадства адыгрывае тут асаблівую ролю, а прадстаўнікі ўлады і арганізацый знаходзяцца на перадавой у прадухіленні радыкалізацыі моладзі праз адукацыю і працаўладкаванне.

Таксама вельмі важна паважаць свабоду слова сярод маладых людзей, каб іх патрабаванні былі выяўлены ў дэмакратычных працэсах і не прыводзілі да гвалтоўных актаў. Трэба таксама ў поўнай меры паважаць свабоду рэлігіі і перакананняў, у тым ліку і ў адносінах да арганізацый, дзейнасць якіх натхнёная верай. Няўдачы ў гэтай галіне ствараюць атмасферу, спрыяльную радыкалізацыі і гвалту. Аднак ватыканскі дыпламат таксама нагадаў пра абавязкі рэлігійных лідараў, якія павінны супрацьстаяць скажэнню рэлігіі і маніпуляцыям з ёй.

Выступаючы на форуме АБСЕ, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы таксама звярнуў увагу на праблему ўсё больш частых нападаў на месцы культу. Ён адзначыў, што занадта доўга, як у палітыцы, так і ў сродках масавай інфармацыі, актам агрэсіі супраць хрысціянскіх аб’ектаў не надаецца значэнне, не прызнаецца іх антыхрысціянскі характар. Святы Пасад вітаў прынятыя меры па абароне юдэйскіх і мусульманскіх аб’ектаў. Аднак ён спадзяецца, што такія ж крокі будуць ужытыя і да хрысціянскіх месцаў культу.
 

21 верасня 2020, 11:46