Пошук

Vatican News
Выканаўчы дырэктар Renovabis Крысціян Хартль (першы злева) Выканаўчы дырэктар Renovabis Крысціян Хартль (першы злева) 

Renovabis заклікае дазволіць арцыбіскупу вярнуцца ў Беларусь

Каталіцкі дабрачынны фонд Renovabis раскрытыкаваў забарону ўладаў Беларусі на вяртанне ў краіну арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.

Выканаўчы дырэктар Renovabis Крысціян Хартль заявіў 1 верасня 2020 г. у Фрайзінгу, што гэта “сур’ёзнае парушэнне асноўнага права чалавека на свабоду перамяшчэння”. Ён звярнуўся з просьбай да Федэральнага ўраду Германіі зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб пераканаць беларускія ўлады зняць забарону.

У сваёй заяве Хартль падкрэсліў, што арцыбіскуп Кандрусевіч на працягу многіх гадоў з’яўляецца паважаным партнёрам Renovabis, цалкам адданым свайму пастырскаму служэнню. Менавіта ў цяперашняй сітуацыі ён быў бы асабліва патрэбны ў Беларусі як пастыр і пасрэднік.

Renovabis з часу свайго заснавання падтрымлівае душпастырскія і сацыяльныя праекты ў Беларусі, дапамагае ў дзейнасці мясцовых каталіцкіх дыяцэзій, манаскіх кангрэгацый і беларускай Карытас. Праекты Фонду ў 2020 г. ажыццяўляюцца пад дэвізам: “Шчаслівыя міратворцы – Усход і Захад у агульнай адказнасці”.
 

03 верасня 2020, 11:51