Пошук

Vatican News
Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І  (ANSA)

Праваслаўны Патрыярх: сённяшняя эканоміка – кашмар для экалогіі

1 верасня Касцёл разам з праваслаўнымі братамі і сёстрамі адзначае Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння. Патрыярх Канстантынопальскі апублікаваў спецыяльнае пасланне.

Разбураныя біяразнастайнасць і кліматычная раўнавага патрабуюць сумесных дзеянняў асобных людзей і ўрадаў, а эканамічнае развіццё не можа і далей заставацца “кашмарам для экалогіі”, - падкрэсліў Барталамей І.

У пасланні праваслаўнага іерарха гучыць надзённае пытанне: “Як доўга яшчэ прырода будзе цярпець бясплодныя дыскусіі, нарады і любыя далейшыя затрымкі ў рашучых мерах па яе абароне?”.

Паводле агульнага пераканання, у наш час прыроднае асяроддзе як ніколі раней у гісторыі чалавецтва знаходзіцца пад пагрозай: “Гаворка ідзе ўжо не пра якасць жыцця, а пра само яго захаванне на нашай планеце”, - заўважыў Патрыярх.

Мы сталі сведкамі “разбурэння прыроднага асяроддзя, біяразнастайнасці, флоры і фауны, забруджвання водных рэсурсаў і атмасферы, паступовага знішчэння кліматычнага балансу” і іншых згубных эксцэсаў.

Пры глабальным разглядзе сітуацыя сведчыць аб тым, што цэласнасць прыроды з’яўляецца “катэгарычным імператывам” для сучаснага чалавецтва, якое, на жаль, не разумее глыбіні праблемы. Калі на асабістым, групавым і арганізацыйным узроўнях мы назіраем экалагічную чуласць і адказнасць, то гэтага нельга сказаць у дачыненні да кіраўнікоў дзяржаў. Палітыкі і эканамічныя дзеячы – у імя геапалітычных амбіцый і аўтаноміі ўласнай эканомікі – не жадаюць прымаць рашэнні на карысць абароны стварэння: на справе яны культывуюць ілюзію пра тое, што прыроднае асяроддзе здольнае абнаўляцца сваімі сіламі, - заўважыў Патрыярх Канстантынопальскі.

Праваслаўны іерарх падкрэсліў, што крызіс, які ўзнік з прычыны пандэміі COVID-19, прадэманстраваў уплыў чалавечай дзейнасці на стварэнне: за час каранціну было зафіксавана зніжэнне ўзроўню забруджвання навакольнага асяроддзя.

Барталамей I выказаў перакананне, што калі сучасная прамысловасць, транспарт, эканамічная сістэма, заснаваная на максімізацыі прыбытку, аказваюць адмоўны ўплыў на экалагічны баланс, то “змена курсу ў бок экалагічнай эканомікі з’яўляецца няўхільнай неабходнасцю”. Не можа быць ніякага рэальнага прагрэсу, заснаванага на знішчэнні прыроднага асяроддзя, таму немагчыма, каб эканамічныя рашэнні прымаліся без уліку іх экалагічных наступстваў.

У заключнай частцы паслання на Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння Барталамей I нагадаў аб глыбокай прыхільнасці Канстантынопальскага Патрыярхату экалагічным пытанням, а таксама аб неабходнасці цеснага супрацоўніцтва ў гэтым кірунку.

У рэшце рэшт, само жыццё Царквы – гэта прыкладная экалогія: сакрамэнты і літургія, аскетызм і грамадская дзейнасць, штодзённае жыццё вернікаў выказваюць і спараджаюць самую глыбокую павагу да стварэння, - падкрэсліў Першаіерарх.
 

01 верасня 2020, 12:01