Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Вакцына супраць COVID-19: экуменічная заява іерархаў Аўстраліі

Каталіцкія, праваслаўныя і англіканскія іерархі выступілі супраць таго, каб урад Аўстраліі падпісваў замову на 25 млн доз брытанскай вакцыны супраць каронавіруса.

Па словах прадстаўнікоў Цэркваў, не былі захаваныя этычныя нормы, паколькі ў працэсе вытворчасці выкарыстоўваліся чалавечыя клеткі, атрыманыя падчас абортаў. Біскупы заклікалі аўстралійскага прэм’ер-міністра перагледзець пагадненне.

“Мы не маем нічога супраць вакцыны ад каронавіруса, але лічым, што выкарыстанне клетак, атрыманых падчас абортаў, глыбока амаральна”

, - гаворыцца ў лісце.

Аўстралійскі ўрад не падзяляе такога меркавання і запэўнівае, што метад атрымання новай вакцыны не выклікае ніякіх “этычных супярэчнасцей”. Замест гэтага палітыкі падкрэсліваюць яе эфектыўнасць. Апошнія даследаванні паказваюць, што вакцына падтрымлівае імунную сістэму ў барацьбе з вірусам і не выклікае сур’ёзных пабочных эфектаў. Выпрабаванні паказалі, што ў людзей, якія яе атрымалі, выпрацаваліся антыцелы і лейкацыты, а значыць, арганізм пацыентаў рэагаваў належным чынам.

Намеснік міністра аховы здароўя Аўстраліі таксама не згодны з аргументамі прадстаўнікоў Цэркваў. На яго думку, выкарыстанне клетак, атрыманых падчас абортаў “з’яўляецца звычайнай практыкай у свеце медыцыны”.

Гэту пазіцыю падтрымлівае і вядомы імунолаг Пітэр Дохерці. “Гэты метад быў распрацаваны некалькі дзесяцігоддзяў таму і выкарыстоўваецца ва ўсім свеце. Так распрацоўваюцца вакцыны супраць краснухі, гепатыту А і шаленства”, - сказаў нобелеўскі лаўрэат.

Іерархі заклікалі вернікаў сваіх Цэркваў падысці да пытання згодна са сваім сумленнем і адмовіцца ад вакцыны, нават калі не было б іншай альтэрнатывы.

Нагадаем, што раней па гэтай праблеме выказаліся каталіцкія біскупы Вялікабрытаніі і ЗША.

Епіскапат Англіі і Уэльса нагадаў, што Касцёл выступае супраць вырабу вакцын з выкарыстаннем тканіны, атрыманай у выніку абортаў. Прыярытэт аднак варта аддаваць здароўю дзяцей і іншых уразлівых асоб, таму дапускаецца ўжыванне вакцын, якія былі распрацаваны ў 1970-х гадах з выкарыстаннем дыплоідных клетачных ліній ад эмбрыёнаў, - лічаць яны.

Падставай для занепакоенасці епіскапату ЗША стаў факт заключэння Міністэрствам аховы здароўя краіны кантракту з буйной фармацэўтычнай кампаніяй, якая распрацоўвае вакцыну з выкарыстаннем клетак абарціраваных дзяцей. Біскупы звярнуліся да Упраўлення па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў з заклікам забяспечыць захаванне этычных прынцыпаў, каб “ні адзін амерыканец не быў вымушаны выбіраць паміж прышчэпкай супраць патэнцыйна смяротнай хваробы і ўласным сумленнем”.

“На шчасце, - напісалі амерыканскія іерархі, - для стварэння вакцыны супраць COVID 19 няма ніякай неабходнасці ў выкарыстанні клетачных ліній, праблематычных з этычнага пункту гледжання”.
 

26 жніўня 2020, 11:16