Пошук

Падчас пахавання Джона Х'юма. Ілюстрацыйнае фота Падчас пахавання Джона Х'юма. Ілюстрацыйнае фота 

Тэлеграма Пантыфіка на пахаванне ірландскага міратворца

“Высакародная душа, натхнёная хрысціянскай верай да нястомнага змагання за дыялог, згоду і мір у Паўночнай Ірландыі”, - так Папа напісаў пра Джона Х’юма, які памёр у панядзелак.

Спачувальная тэлеграма Францішка была прачытана падчас жалобнай св. Імшы ў катэдры св. Яўгена ў Лондандэры, родным горадзе лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру.

Святы Айцец выказаў спачуванні сям’і спачылага і запэўніў у сваёй малітве за яго. Ён падкрэсліў, што Х’юм – гэта герой мірнага працэсу і архітэктар прымірэння, якім скончыўся доўгі канфлікт у Паўночнай Ірландыі.

Літургія праходзіла ў адпаведнасці з антывіруснымі правіламі і трансліравалася ў прамым эфіры па тэлебачанні. Малітву ўзначаліў Прымас Ірландыі, арцыбіскуп Іман Марцін. Ён нагадаў, што памерлы быў не толькі чалавекам зачараваным ідэяй міру, але і тым, хто здолеў яе рэалізаваць.

“Яго пакліканнем стала будаванне міру на карысць іншых. Дзякуючы яго мінуламу, наша будучыня выглядае святлей”

, - сказаў іерарх.

Гамілію прамовіў кс. Пол Фарэн, які падкрэсліў вялікую заклапочанасць Джона Х’юма лёсам бліжняга. “Ён быў чалавекам, які не ўмеў адводзіць вачэй, калі крыўдзілі іншага. Ён заўсёды спачуваў. Ён дазволіў многім вярнуць сабе годнасць. Ён засяроджваўся не на адрозненнях і падзелах, а на адзінстве і міры. Ён ні на хвіліну не страціў веру ў тое, што мір – гэта адзіны шлях”, - сказаў пробашч катэдры св. Яўгена.

Сярод соцень спачуванняў, якія прагучалі з нагоды смерці Джона Х’юма, былі і словы лідара ірландскай групы U2. “Гэта быў гігант, жыццё якога зрабіла нас лепшымі. Ён быў пасрэднікам, які разумеў, што ніхто не пераможа, калі не перамогуць усе, і толькі мір – сапраўдная перамога”, - напісаў Бона.

Джон Х’юм адыграў важную ролю ў падпісанні Англа-ірландскага пагаднення 1985 г., згодна з якім Дублін атрымліваў афіцыйны статус кансультанта пры вырашэнні пытанняў, звязаных з Паўночнай Ірландыяй. У 1998 г. ён прыняў удзел у падпісанні Белфастскага пагаднення аб мірным урэгуляванні паўночнаірландскага канфлікту. У тым жа годзе ён і Дэвід Трымбл атрымалі Нобелеўскую прэмію міру “за намаганні па пошуку мірнага вырашэння канфлікту ў Паўночнай Ірландыі”. У апытанні 2010 г. прызнаны “Найвялікшым ірландцам”. У 2004 г. Х’юм прыняў рашэнне пакінуць палітыку.
 

07 жніўня 2020, 13:03