Пошук

Vatican News
Ружовы сад ля Белага дома Ружовы сад ля Белага дома 

Ружа “св. Ян Павел II” будзе расці ў садзе Прэзідэнта ЗША

Сорт ружы, выведзены ў гонар св. Яна Паўла II, з’явіўся ў Ружовым садзе Белага дома ў Вашынгтоне, якім зараз займаецца Меланія Трамп.

Менавіта Першая лэдзі ЗША выступіла з ідэяй высадзіць побач з кветкамі, названымі ў гонар розных асоб і падзей, духмяную ружу, выведзеную амерыканскім садоўнікам у гонар Папы. Ужо доўгі час гэты гатунак расце ў Ватыканскіх садах.

Ян Павел II наведаў Белы дом у кастрычніку 1979 г. і сустрэўся з тагачасным прэзідэнтам Джымі Картэрам. Гэта быў першы з яго сямі папскіх візітаў у ЗША, уключаючы два шматгадзінныя прыпынкі на Алясцы ў 1981 і 1984 гг.

Апошні месяц у Ружовым садзе плошчай 1700 квадратных метраў, які непасрэдна прымыкае да Авальнага кабінета, праходзілі маштабныя працы па пераўладкаванні.

Ружовы сад быў упершыню распрацаваны і пасаджаны ў 1913 г. па рэкамендацыі першай лэдзі Элен Уілсан, а ў 1961 г. яго новым дызайнам займалася Жаклін Кэнэдзі.

Сорт “св. Ян Павел II” быў выведзены амерыканскім садоўнікам Кітам Зары. Ружа з характэрнымі буйнымі белымі кветкамі – застаецца адным з самых духмяных гатункаў у свеце.
 

24 жніўня 2020, 12:15