Пошук

Vatican News
Апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ілюстрацыйнае фота Апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік працягвае дапамагаць пацярпелым ад COVID-19

Працягваецца гуманітарная дапамога Францішка і яго супрацоўнікаў для найбольш уразлівых краін і народаў свету, якія пакутуюць ад пандэміі каронавіруса.

Апостальскі нунцый у Малаві і Замбіі, арцыбіскуп Джанфранка Галонэ перадаў апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх у шпіталь каталіцкай місіі Лікуні ў Лілонгвэ. Бальніцай, размешчанай у 9 кіламетрах ад сталіцы, апякуюцца сёстры-місіянеркі св. Францішка Асізскага. Штогод яна аказвае дапамогу 45 тыс. пацыентаў.

“Святы Айцец глыбока занепакоены смертаноснай пандэміяй, якая закранула ўвесь свет. У знак падзякі мы заўсёды будзем памятаць пра яго ў малітвах”, - заявіў арцыбіскуп Лілонгвэ Тарчызіўс Зіяе. Старшыня Каталіцкага Сакратарыята Рэспублікі Малаві папрасіў вернікаў маліцца за хворых і за памерлых з прычыны COVID-19.

Падзякаваўшы Папу за ахвяраванне, дырэктар каталіцкай бальніцы, сястра Агнэс Лунгу распавяла, што апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх прыбылі ў самы патрэбны момант на ўскраіну Лілонгвэ, дзе іх па-сапраўднаму не хапае.

У Малаві, адной з самых бедных краін свету, у цяперашні час афіцыйна зарэгістравана каля 5 тыс. выпадкаў заражэння COVID-19. Памерлі 156 чалавек, каля 2,5 тыс. паправіліся.

Мясцовы Касцёл – у тым ліку дзякуючы значным ахвяраванням з-за мяжы – прымае меры па аказанні медыцынскай дапамогі праз сваю сетку місіянерскіх бальніц. Іх праца жыццёва важная ў афрыканскай краіне, дзе грамадская сістэма аховы здароўя знаходзіцца ў сумным стане.

Раней Францішак праз каталіцкія дабрачынныя структуры перадаў дзясяткі апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх у клінікі розных краін: Гаіці, Дамініканскай Рэспублікі, Балівіі, Бразіліі, Калумбіі, Эквадора, Гандураса, Мексікі, Венесуэлы, Камеруна, Зімбабвэ, Бангладэша, Украіны.

Таксама медыцынскае абсталяванне, маскі, сродкі дэзінфекцыі і іншыя санітарных сродкі, дыягнастычныя камплекты, патрэбныя для барацьбы з каронавірусам, былі пастаўлены ад імя Пантыфіка ў шпіталі Італіі, Іспаніі, Румыніі, краін Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу.

Нагадаем, што ў красавіку ў Ватыкане была заснавана спецыяльная Камісія па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй, і некалькі дабрачынных фондаў па падтрымцы хворых з каронавірусам.
 

22 жніўня 2020, 13:32