Пошук

Дзеці ў чарзе за ежай. Ілюстрацыйнае фота Дзеці ў чарзе за ежай. Ілюстрацыйнае фота 

COVID-19: ад вострага знясілення пакутуюць мільёны дзяцей

Кіраўнікі міжнародных гуманітарных арганізацый у чарговы раз б’юць трывогу з прычыны росту выпадкаў цяжкага вострага знясілення сярод дзяцей, выкліканага наступствамі пандэміі каронавіруса.

Па дадзеных Дзіцячага фонду ААН, перад пачаткам пандэміі ад вострага знясілення пакутавалі 47 млн дзяцей, а да канца 2020 г. іх колькасць павялічыцца да 54 млн. З прычыны грамадска-эканамічных наступстваў COVID-19 у краінах з нізкім і сярэднім узроўнем даходу прадбачыцца павелічэнне колькасці дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў, якія загінуць ад вострага знясілення.

Ад пачатку пандэміі дабрачынныя структуры скарацілі сваю дзейнасць на 30%, а пасля ўвядзення каранцінных мер дапамога галадаючым паменшылася на 75%, а на некаторых тэрыторыях спынілася наогул.

80% дзяцей з вострым знясіленнем пражываюць у Афрыцы на поўдзень ад Сахары і ў Паўднёвай Азіі. Пры гэтым медыцынская дапамога для выратавання гэтых дзяцей аказваецца ў мінімальных аб’ёмах, і яе не атрымліваюць да 73% дзяцей, жыццё якіх пад пагрозай.

Генеральны дырэктар ЮНІСЕФ Генрыета Фор зноў падкрэсліла, што наступствы пандэміі наносяць значна большую шкоду дзецям, чым сам вірус. Узровень знясілення ў дзяцей у 2020 г. можа стаць рэкордным з пачатку тысячагоддзя, заявіў са свайго боку старшыня італьянскага аддзялення ЮНІСЕФ Франчэска Саменга.

Гуманітарныя агенцтвы звярнуліся да кіраўніцтва краін, дабрачынцаў і прыватнага сектару з заклікам дапамагчы пераадолець праблему знясілення дзяцей і іх маці: для гэтага неабходныя 2,4 млрд долараў.
 

25 жніўня 2020, 12:14