Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Хрысціяне Германіі: палітычная мэта – свет без ядзернай зброі

Напярэдадні 75-й гадавіны бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі дзве найбуйнейшыя канфесіі Германіі, каталіцкая і лютэранская, звярнуліся да палітыкаў з просьбай імкнуцца да свету без ядзернай зброі.

“Першым і важным знакам павінна стаць прыняцце і ратыфікацыя Дамовы ААН аб забароне ядзернай зброі – таксама Германіяй”, - гаворыцца ў заяве.

“Погляд на мінулае – гэта папярэджанне для сучаснасці і будучыні”, - падкрэслілі аўтары. Яны лічаць гэта асабліва актуальным у сітуацыі, калі “адбываецца фатальная дэрэгуляцыя міжнародных пагадненняў па ядзернай зброі і ваеннай палітыцы”. Ва ўмовах сусветнага крызісу міжнародных адносін узрастае небяспека эскалацыі ядзернага насілля.

“Гэтыя праблемы ўзмацняюцца намаганнямі па мадэрнізацыі існуючых сістэм ядзернай зброі з мэтай захаваць іх аператыўны патэнцыял або адаптаваць да зменлівых сцэнарыяў пагроз”

, - гаворыцца ў звароце нямецкіх Цэркваў.

Але новыя пагрозы, такія як кібер- і гандлёвыя войны, тэрарызм прынцыпова ставяць пад сумнеў стратэгічнае значэнне сістэм ядзернай зброі.

Падпісанты нагадалі, што каталіцкай і пратэстанцкай канфесіям заўсёды было зразумела, што выкарыстанне ядзернай зброі масавага знішчэння не можа быць этычна апраўданым.

Аўтары заявы патрабуюць, каб палітычнай мэтай быў свет без ядзернай зброі.
 

03 жніўня 2020, 14:45