Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Арцыбіскуп Кандрусевіч прапануе склікаць “крызісны” круглы стол

Старшыня беларускага епіскапату ў адмысловым звароце прапануе склікаць круглы стол, каб за ім, а не на барыкадах, вырашаць далейшы лёс Беларусі.

“У гэты лёсавызначальны момант нашай гісторыі ў імя Бога бязмежнай міласэрнасці, любові і супакою я звяртаюся да ўсіх бакоў канфлікту з заклікам спыніць насілле. Няхай вашыя рукі, створаныя для мірнай працы і братэрскага прывітання, не падымаюць ні зброі, ані камення. Няхай замест аргументу сілы запануе заснаваная на дыялогу ў праўдзе і ўзаемнай любові сіла аргументу”, - гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным catholic.by.

“Чаму мы, народ з больш як тысячагадовай гісторыяй хрысціянства, сёння як быццам забыліся пра любоў да бліжняга і ўласцівую нам з даўніх часоў талерантнасць у адносінах да іншадумцаў? Чаму на нашай святой зямлі паўтараецца біблейская гісторыя сумнавядомага Каіна, які забіў свайго брата Абэля?”

, - задаецца пытаннямі іерарх.

“З даўніх часоў наш народ вырашаў складаныя пытанні на агульных сходах, якія ў старажытных славянаў называліся вечам. З улікам гэтага каштоўнага вопыту, дзеля хутчэйшага пераадолення крызісу ў грамадстве і спынення насілля прапаную неадкладна склікаць адмысловы круглы стол, каб за ім, а не на барыкадах, вырашаць далейшы лёс нашай Бацькаўшчыны”, - прапанаваў старшыня Канферэнцыі Біскупаў.

Завяршаючы пасланне, арцыбіскуп Кандрусевіч заахвоціў усіх людзей добрай волі да трывалай малітвы аб міры і згодзе ў Беларусі.
 

11 жніўня 2020, 15:52