Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад за кааліцыю ў барацьбе з гандлем людзьмі

У барацьбе з гандлем людзьмі магчыма перамагчы толькі дзякуючы супольным дзеянням на міжнародным узроўні, - заўважыў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры структурах ААН у Жэневе.

3 ліпеня 2020 г. арцыбіскуп Іван Юркавіч прыняў удзел у 44-й сесіі Рады па правах чалавека. Ён падкрэсліў, што абсалютны прыярытэт павінна мець паляпшэнне механізмаў абароны, рэабілітацыі і рэінтэграцыі ахвяр гандлю людзьмі.

Нягледзячы на дасягненні ў гэтай сферы, лічбы гавораць, што сітуацыя застаецца драматычнай. Гандль людзьмі ў яго розных праявах – сярод якіх дыпламат узгадаў пра гандль нованароджанымі дзецьмі і сурагатнае мацярынства – “працягвае быць адкрытай ранай на целе сучаснага чалавецтва”. Садзейнічае распаўсюджванню гэтай з’явы беднасць, карупцыя, неадукаванасць, адсутнасць магчымасцей, а на працягу апошніх месяцаў, таксама і пандэмія каронавіруса.

“Гаворка ідзе пра сапраўднае бедства для нашых грамадстваў, таму што яно прадугледжвае адмаўленне годнасць ахвяры, адносіцца да яе, выключна як да тавару, якім трэба карыстацца”, - сказаў арцыбіскуп. Гандль людзьмі – адзін з самых драматычных выразаў культуры, якую можна назваць “выкарыстай і выкінь”, шмат разоў асуджанай Папам, - дадаў ён.

Прадстаўнік Святога Пасаду зазначыў, што адзіным спосабам канчатковага выкаранення гэтага феномену з’яўляецца скаардынаваная міжнародная дзейнасць. Ёсць патрэба ў “кааліцыях добрай волі”. У гэтым кантэксце дыпламат прыгадаў пра нястомную працу рэлігійных арганізацый, якія ў розных частках свету спрыяюць прафілактыцы гандлю людзьмі, а таксама аказваюць рознабаковую дапамогу ахвярам.

Апостальская Сталіца лічыць, што праблема можа быць выкаранена толькі калі спыніцца попыт. “Хто стварае гэты попыт падзяляе адказнасць з ганебнымі злачыннымі аб’яднаннямі”, што кіруюць гандлем людзьмі, - пакрэсліў арцыбіскуп Іван Юркавіч.
 

04 ліпеня 2020, 08:36