Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©artit - stock.adobe.com)

Святы Пасад: змагацца з беспакаранасцю ў сферы гандлю людзьмі

Святы Пасад рашуча падтрымлівае ідэю стварэння заканадаўчай сістэмы, якая б арыентавалася, найперш, на людзей і абарону іх неад’емных правоў і асноўных свабод.

Пра гэта ішла гаворка на XX Канферэнцыі Альянсу АБСЕ па барацьбе супраць гандлю людзьмі, у якой у якасці прадстаўніка Пастаянная місіі Святога Пасаду пры міжнародных арганізацыях у Вене ў форуме ўдзельнічаў мансеньёр Джозэф Грэк. Сустрэча пад назвай “Пакласці канец беспакаранасці: Забеспячэнне правасуддзя шляхам судовага пераследу гандлю людзьмі” праходзіла 20-22 ліпеня 2020 г. у аўстрыйскай Вене.

У ходзе дыскусій было падкрэслена, што гандаль людзьмі застаецца адным з самых прыбытковых відаў незаконнай дзейнасці ў свеце. Пры гэтым узровень беспакаранасці ў ім застаецца вельмі высокім. Сёння каля 40 мільёнаў людзей у свеце становяцца ахвярамі той ці іншай формы гандлю людзьмі – сексуальнай ці працоўнай эксплуатацыі, незаконнага ўсынаўлення, ранніх шлюбаў, жабравання, гандлю чалавечымі органамі. Аднак нягледзячы на ўзмацненне намаганняў нацыянальных і міжнародных інстытутаў па барацьбе з гэтай ганебнай з’явай, на сённяшні дзень на кожныя 2154 ахвяры прыпадае толькі адзін пакараны злачынец.

У ходзе сваіх выступленняў мансеньёр Грэк зазначыў, што, “нягледзячы на высілкі міжнароднай супольнасці, рэсурсаў не хапае, галоўным чынам, з прычыны працяглага эканамічнага крызісу і сацыяльна-палітычнай нестабільнасці ў многіх краінах”.

У сваю чаргу, недастатковае фінансаванне нацыянальных судовых сістэм штурхае да таго, каб засяроджвацца на імгненных і абмежаваных па маштабе выніках, а не на затрыманні і пакаранні галоўных злачынцаў. У выніку беспакаранасць гандляроў людзьмі становіцца пастаяннай з’явай.

Яшчэ адной праблемай застаецца абмежаваны доступ ахвяр злачынстваў да правасуддзя і гарантаванне павагі іх асноўных правоў. Па словах прадстаўніка Святога Пасаду, з прычыны эканамічнай сістэмы, у якой дамінуюць інтарэсы глабальнага спекулятыўнага капіталу, а цяпер яшчэ і па прычыне наступстваў пандэміі каронавіруса, асабліва абвастрылася ўразлівасць патрабуючых людзей. Судовая сістэма павінна гарантаваць ім справядлівае абыходжанне і канкрэтную падтрымку на працягу судовага разбору.

На думку ватыканскага дыпламата, з мэтай эфектыўнай барацьбы з буйнымі міжнароднымі злачыннымі арганізацыямі трэба забяспечыць больш цесную міжурадавую каардынацыю, абмен інфармацыяй і данымі з дапамогай такіх арганізацый, як Інтэрпол і Еўрапол, эфектыўную незалежнасць судовых сістэм. Важнай з’яўляецца і падтрымка з боку СМІ, якія могуць спрыяць правядзенню кампаній па павышэнні дасведчанасці палітыкаў і грамадскасці адносна праблемы гандлю людзьмі.

Мансеньёр Грэк запэўніў, што Святы Пасад рашуча падтрымлівае ідэю стварэння заканадаўчай сістэмы, арыентаванай, найперш, на людзей і на абарону іх неад’емных правоў і асноўных свабод.
 

24 ліпеня 2020, 14:29