Пошук

Vatican News
Сабор Святой Сафіі ў Стамбуле Сабор Святой Сафіі ў Стамбуле  (ANSA)

Пантыфік і Прэзідэнт Грэцыі абмеркавалі лёс Святой Сафіі

Прэзідэнт Грэцыі Кацярына Сакеларопулу патэлефанавала папе Францішку, каб абмеркаваць рашэнне турэцкіх уладаў вярнуць старажытнаму сабору Святой Сафіі ў Стамбуле статус мячэці.

Храм, які быў пабудаваны як хрысціянскі, ператварылі ў мячэць у 1453 г., з пачаткам асманскага панавання на гэтых тэрыторыях. У 1934 г. урад Кемаля Атацюрка вырашыў зрабіць яго музеем. Цяпер жа кіраўніцтва Турцыі пастанавіла вярнуць сабору статус мячэці. У выніку 24 ліпеня 2020 г. у старажытнай святыні адбылася першая ісламская малітва.

У размове з Францішкам лідар Грэцыі падкрэсліла, што рашэнне кіраўніцтва Турцыі “глыбока ўсхвалявала тых, хто верыць, што гэты сімвал хрысціянства належыць чалавецтву і яго культурнай спадчыне”. Па словах Кацярыны Сакеларопулу, рашэнне аддаляе Турцыю “ад прынцыпаў талерантнасці і плюралізму”.

У размове са Святым Айцом Прэзідэнт Грэцыі выказала перакананне, што змена статусу Сафійскага сабора – гэта “не ўнутраная справа Турцыі, а больш шырокае пытанне, якое міжнароднай супольнасці трэба выразна і недвухсэнсава асудзіць”.

Раней Францішак заявіў аб сваёй заклапочанасці рашэннем Турцыі. “Я думаю пра Стамбул, думаю пра Святую Сафію, я вельмі засмучаны”, - сказаў ён 12 ліпеня 2020 г. падчас сустрэчы з вернікамі на “Анёл Панскі”.
 

31 ліпеня 2020, 15:05