Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (REUTERS)

Няма аб’яднанай Еўропы, калі краіны не дапамагаюць адна адной

Старшыня COMECE высока ацаніў зацвярджэнне пагаднення аб бюджэце ЕС і Фондзе аднаўлення для краін, якія найбольш пацярпелі ад пандэміі каронавіруса.

“Не можа быць Еўрапейскага саюза, калі краіны не дапамагаюць адна адной”, - сказаў кардынал Жан-Клод Олерыш.

Гістарычная дамоўленасць, дасягнутая еўрапейскімі лідарамі па выніках чатырохдзённых перамоў аб выратавальным фондзе, азначае важны пераломны момант не толькі з прычыны адчувальнага ўплыву, які ён будзе мець у пераадоленні крызісу, выкліканага пандэміяй, але і таму, што гэта дасць Еўрапейскаму саюзу ў будучыні новы спосаб фарміравання адносін паміж краінамі-членамі.

Фонд складзе 750 мільярдаў еўра, з якіх 390 мільярдаў – гэта субсідыі і 360 мільярдаў – крэдыты.

Арцыбіскуп Люксембурга заклікаў: каб падчас пандэміі не толькі казаць пра еўрапейскую салідарнасць, але і жыць ёю. “Першая рэакцыя думаць толькі пра сваіх землякоў – не правільная. У рэшце рэшт, як хрысціяне, мы не можам абмежавацца ўласным народам”, - сказаў кардынал у серыі падкастаў “Светлае, як Сонца – не бойцеся!”.

У чарговы раз старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці нагадаў пра неабходнасць палітычнага вырашэння праблемы бежанцаў. Ён адзначыў, што пандэмія значна ўскладніла міграцыйную сітуацыю, бо “зараз грошай стала менш, і яны неабходныя для эканамічнага развіцця ўласных краін”. У такой сітуацыі не звяртаецца ўвага на няшчасце іншых, хоць вядома, напрыклад, што ў Лівіі людзей знявольваюць і эксплуатуюць. “Еўропа не можа заплюшчыць вочы на гэта”, - заявіў старшыня COMECE.

23 ліпеня 2020, 12:08