Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Касцёл хоча ўдзельнічаць у дыскусіі па штучным інтэлекце

Еўрапейскія біскупы выказалі сваю пазіцыю адносна дакумента, распрацаванага Камісіяй Еўрасаюза, пад назвай “Белая кніга аб штучным інтэлекце – еўрапейскі падыход”.

Праблемы, звязаныя з штучным інтэлектам і робататэхнікай, павінны разглядацца сумесна, у тым ліку і Касцёлам, і пры іх вырашэнні павінны ўлічвацца перш за ўсё інтарэсы чалавека, - падкрэслілі іерархі.

Вітаючы агульны падыход “Белай кнігі” да стварэння штучнага інтэлекту, глыбока заснаванага на чалавечай годнасці і абароне прыватнасці жыцця, біскупы падкрэслілі, што даныя і алгарытмы з’яўляюцца рухавіком тэхналогіі, у той час як людзі “вызначаюць і праграмуюць мэты, якія павінна дасягнуць сістэма”.

Разам з тым еўрапейскія біскупы выказалі здзіўленне ў сувязі з “магчымым стварэннем новага агенцтва ЕС”, якое будзе спецыялізавацца на гэтай тэме, паколькі “ўжо існуючыя ключавыя структуры Еўрасаюза гарантуюць дастатковую падтрымку для разгляду праблем, звязаных з штучным інтэлектам і робататэхнікай”. Калі ж стварэнне такога агенцтва непазбежна, гаворыцца далей у заяве, то “ў абмеркаванні тэмы павінен быць гарантаваны максімальны ўдзел усіх бакоў, уключаючы Касцёл”.

Біскупы настойліва заклікалі Еўрапейскі саюз у сваіх далейшых дэбатах па выкарыстанні штучнага інтэлекту прытрымлівацца сацыяльнай этыкі, якая павінна суправаджаць палітычную дыскусію аб рэгуляванні IT-сферы.

Для гэтага ЕС павінен стварыць інструменты і механізмы на карысць шырокага, эфектыўнага, міждысцыплінарнага падыходу ў сваіх ужо існуючых структурах і праграмах.

У лютым 2020 г. у Ватыкане з нагоды 26-й Генеральнай асамблеі Папскай акадэміі жыцця праходзіў міжнародны семінар “Добры алгарытм. Штучны інтэлект: этыка, закон, здароўе”. Ён завяршыўся падпісаннем сумеснага “Рымскага этычнага закліку” – збору маральных прынцыпаў у сферы штучнага інтэлекту. Свае подпісы пад ім паставілі прадстаўнікі карпарацый Microsoft і IBM, Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН (FAO) і Святога Пасаду.

Удзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што сёння існуе патрэба ў этычным алгарытме: спосабе, які дазволіць зрабіць вылічальнай ацэнку дабра і зла. Толькі так можна стварыць машыны, якія стануць інструментам гуманізацыі свету. Трэба кадыфікаваць этычныя прынцыпы і нормы на зразумелай і зручнай машыне мове.

21 ліпеня 2020, 12:36