Пошук

Рэжысёр Пупі Аваці (у цэнтры) Рэжысёр Пупі Аваці (у цэнтры) 

Названы лаўрэат каталіцкай прэміі на Венецыянскім кінафестывалі

Джузэпэ Аваці, больш вядомы як Пупі Аваці, стаў лаўрэатам Прэміі імя Рабэра Брэсона. Яна будзе ўручана італьянскаму рэжысёру 9 верасня 2020 г., у рамках 77-га Міжнароднага Венецыянскага кінафестывалю.

Штогод Прэмію ўручаюць Фонд Ente dello Spettacolo і кінематаграфічны часопіс Rivista del Cinematografo, пад патранажам Папскай Рады па культуры і Дыкастэрыі па камунікацыі.

За больш чым 50-гадовую кар’еру лаўрэат выступіў як рэжысёр у самых розных жанрах – ад сямейнай камедыі, да гістарычнай драмы і аўтабіяграфіі.

“Фільмаграфія Пупі Аваці – гэта невычэрпная праца па візуальным выхаванні, здольная перамяняць рэчаіснасць, абнаўляць яе”

, - гаворыцца ў паведамленні Фонду Ente dello Spettacolo.

Заснаваная ў 2000 г., Прэмія імя Рабэра Брэсона – гэта прызнанне кінематаграфічнай працы рэжысёра, які ў сваіх фільмах аналізуе найбольш аўтэнтычныя вымярэнні чалавека, вывучае духоўнасць, шукае сэнс жыцця.

У мінулыя гады ўзнагарода ўручалася, між іншым, Джузэпэ Торнаторэ, Маноэлю дэ Алівейра, Тэа Андгелопуласу, Віму Вэндэрсу, Аляксандру Сакураву, братам Жану-П’еру і Люку Дардэнам.

Фонд Ente dello Spettacolo дзейнічае пры італьянскай біскупскай канферэнцыі. Гэта творчая структура, якая з 1946 г. удзельнічае ў распаўсюджванні, прасоўванні і пашырэнні кінематаграфічнай культуры ў Італіі і за яе межамі. Фонд выдае кінематаграфічны часопіс Rivista del Cinematografo, найстарэйшае італьянскае выданне кінакрытыкі, і з’яўляецца пастаянным культурным партнёрам на Венецыянскім кінафестывалі.

Форум пройдзе сёлета з 2 па 12 верасня і стане першай буйной міжнароднай кінападзеяй пасля крызісу, звязанага з пандэміяй каронавіруса.
 

30 ліпеня 2020, 14:02