Пошук

Vatican News
Эніа Марыконэ. Ілюстрацыйнае фота Эніа Марыконэ. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Адышоў у вечнасць Эніа Марыконэ

6 ліпеня 2020 г. адышоў у вечнасць Эніа Марыконэ – адзін з самых славутых кампазітараў і дырыжораў сучаснасці, аўтар мноства саўндтрэкаў, у тым ліку да фільмаў на хрысціянскую тэматыку.

Марыконэ памёр на 92-годдзе жыцця ў рымскай клініцы “Campus Biomedico” ад наступстваў траўмы, атрыманай пры падзенні. Ён закончыў свой зямны шлях “з суцяшэннем веры”, - паведаміў яго сябра і адвакат Джорджа Асума.

“Маэстра да апошняга захоўваў поўную яснасць розуму і вялікую годнасць. Ён развітаўся з дарагой жонкай Марыя, якая верна суправаджала яго ва ўсіх момантах чалавечага і прафесійнага жыцця і была з ім да апошняга ўздыху”, - сказаў ён. Пахаванне кампазітара пройдзе у прыватнай форме “з павагі да пачуцця пакоры, якое заўсёды натхняла яго жыццё”.

Эніа Марыконэ – аўтар музыкі да больш чым 500 фільмаў і тэлесерыялаў, у тым ліку да стужак на хрысціянскую тэматыку, такіх як “Місія” (1986), “Абрагам” (1994), “Юзаф” (1995), “Караль. Чалавек, які стаў Папам” (2005).

У 84-гадовым узросце маэстра ўпершыню за сваю доўгую кар’еру вырашыў напісаць музыку да св. Імшы, нагодай для чаго паслужыла 200-годдзе аднаўлення дзейнасці Таварыства Езуса. Твор атрымаў назву “Missa Papae Francisci. Anno duecentesimo a Societate Restituta” і быў прысвечаны папу Францішку.

Марыконэ двойчы станавіўся ўладальнікам прэміі “Оскар”, дзевяць разоў – лаўрэатам італьянскай кінапрэміі “Давід дзі Данатэла”. Сярод яго ўзнагарод шэсць прэмій BAFTA, чатыры “Грэмі” і адзін “Залаты арол”.

У 2019 г. Эніа Марыконэ атрымаў Залыты медаль пантыфікату ад папы Францішка “за выдатную дзейнасць у галіне мастацтва, якая мела таксама аспекты рэлігійнага характару”. Праз некалькі месяцаў пасля гэтага маэстра развітаўся са сцэнай, але потым пагадзіўся выступіць з канцэртам у ватыканскай Зале Паўла VI. “Я не мог сказаць “не”, - заявіў тады кампазітар.
 

06 ліпеня 2020, 13:36