Пошук

Vatican News

Рыкарда Муці ў Ватыканскіх музеях: гэта калыска культуры

Ватыканскія музеі зноў адчынілі дзверы для шырокай публікі. Супрацоўнікі былі вельмі здзіўлены, калі сярод першых гасцей сустрэлі сусветна вядомага італьянскага дырыжора Рыкарда Муці.

Былы кіраўнік Ла Скала некалькі разоў наведваў папскую мастацкую калекцыю, і цяпер, пасля нармалізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі, пажадаў зноў яе ўбачыць.

“Вяртанне ў Ватыканскія музеі заўсёды вялікае асабістае ўзбагачэнне. Гэта важна для асабістай культуры і духу! Тут можна шмат чаго паглядзець. Яны з’яўляюцца адной з самых выдатных устаноў свету”, - сказаў музыкант.

Муці зарэгістраваўся анлайн і адстаяў у чарзе перад уваходам, каб затым прайсці сем кіламетраў “выставачнага маршруту”.

“Усе супрацоўнікі Ватыканскіх музеяў дыхаюць прыгажосцю. Такім чынам яны могуць перадаць значнасць месца сваім гасцям, што на карысць усім. Сюды прыязджаюць госці з усяго свету. Гэта, безумоўна, не мой апошні візіт сюды! Хачу вярнуцца, каб зноў убачыць прыгажосць. Тут можна зразумець, што музеі – гэта калыска культуры і тое, колькі Касцёл зрабіў для чалавецтва на працягу стагоддзяў”, - адзначыў сусветна вядомы італьянскі дырыжор.

З 1 чэрвеня 2020 г. Ватыканскія музеі паступова выходзяць з абмежаванняў, звязаных з пандэміяй каронавіруса. На першым этапе іх можна наведаць толькі па забраніраваных на сайце білетах. Дадатковая плата за папярэдняе набыццё не спаганяецца. Пры ўваходзе ў кожнага мерыцца тэмпература. Абавязковыя медыцынскія маскі і захаванне дыстанцыі.

З нагоды аднаўлення працы Музеяў, публіка зможа наведаць два залы, звязаныя з творчасцю Рафаэля і адрэстаўраваныя спецыяльна да 500-годдзя з дня яго смерці.

09 чэрвеня 2020, 13:25