Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папскі антыкрызісны фонд дапамагае пацярпелым ад пандэміі

Антыкрызісны фонд, створаны Францішкам для барацьбы з пандэміяй, не запавольвае сваёй працы. Запыты аб дапамозе паступаюць з усяго свету. Яна ўжо пайшла ў Афрыку, Азію і Паўднёвую Амерыку.

Людзі ў большасці месцаў, куды ідуць грошы, знаходзяцца ў вельмі цяжкім фінансавым, сацыяльным і медыцынскім становішчы. Пандэмія толькі пагоршыла гэтыя праблемы.

У Чадзе – адной з самых бедных краін свету – дапамога прыйшла ў дзве дыяцэзіі. Пандэмія прывяла жыхароў рэгіёну да крайняй галечы. Папская падтрымка была адзіным шанцам для мясцовага насельніцтва выжыць. У дыяцэзіі Дзілі ва Усходнім Тыморы дапамогу атрымалі шматдзетныя сем’і. На Мадагаскары сродкі накіравалі на аплату адукацыі дзяцей, чаго бацькі больш не маглі сабе дазволіць.

Францішак не толькі заснаваў Фонд, але і першым вылучыў яму 750 тыс. долараў. Ён папрасіў усіх людзей добрай волі ахвяраваць праз Папскія місійныя ініцыятывы.

Касцёл знаходзіцца на перадавой барацьбы з беднасцю і ізаляцыяй у свеце. Толькі ў Афрыцы працуюць больш за 74 тыс. манахінь і больш за 46 тыс. святароў, якія кіруюць амаль 7,5 тыс. бальніц і паліклінік, амаль 2,5 тыс. дамоў для састарэлых і бяздомных, навучаюць больш за 19 млн дзяцей у больш чым 45 тыс. пачатковых школ. У многіх сельскіх раёнах толькі Касцёл забяспечвае медыцынскую дапамогу і адукацыю.

Спецыяльны фонд пры Папскіх місійных ініцыятывах Святы Айцец заснаваў у пачатку красавіка 2020 г. Яго мэта – дапамагчы людзям і супольнасцям, якія найбольш сур’ёзна пакутуюць ад пандэміі каронавіруса.

18 чэрвеня 2020, 13:23