Пошук

AdobeStock_280820527.jpeg

Пантыфік: клопат пра пажылых – інвестыцыя ў будучыню

Папа спаслаўся на Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб злоўжываннях у дачыненні да пажылых людзей, і адзначыў, што нядаўняе мінулае паказала няздольнасць гарантаваць абарону іх годнасці.

“Пандэмія COVID-19 прадэманстравала, што наша грамадства не арганізавана належным чынам, каб забяспечыць месца пажылых людзей з сумленнай павагай да іх годнасці і ўразлівасці. Там, дзе няма клопату пра пажылых, няма і будучыні для маладых”, - гаворыцца ў паведамленні на Твітэр-акаўнце Святога Айца.

Некаторыя пажылыя людзі сутыкаюцца з дадатковымі цяжкасцямі ў час пандэміі. Вірус пагражае не толькі іх жыццю і бяспецы, але і іх сацыяльнаму становішчу, доступу да медыцыны, працы і пенсіі.

У спецыяльнай заяве ААН гаворыцца, што старэйшае пакаленне таксама сутыкаецца з узроставай дыскрымінацыяй пры прыняцці рашэнняў аб медыцынскім абслугоўванні і прызначэнні лячэння. Яшчэ да пачатку пандэміі COVID-19 палова пажылых людзей у некаторых краінах, якія развіваюцца не мелі доступу да асноўных медыцынскіх паслуг. Пандэмія можа таксама прывесці да скарачэння маштабаў аказання найважнейшых паслуг, не звязаных з COVID-19, што яшчэ больш павялічыць рызыку для жыцця гэтай групы грамадства.

Па прагнозах, у перыяд з 2019 г. па 2030 г. колькасць асоб ва ўзросце 60 гадоў і старэй вырасце на 38% - з 1 млрд да 1,4 млрд чалавек – і будзе перавышаць колькасць моладзі ва ўсім свеце.

Прычым гэты рост будзе самым вялікім і хуткім у краінах, якія развіваюцца. Таму расце неабходнасць надаваць больш увагі канкрэтным праблемам, якія закранаюць пажылых людзей, у тым ліку ў галіне правоў чалавека.

Генеральная Асамблея ААН абвясціла 15 чэрвеня Сусветным днём распаўсюджвання інфармацыі аб злоўжываннях у дачыненні да пажылых людзей. У гэты дзень увесь свет выказвае сваю нязгоду са злоўжываннямі ў дачыненні да прадстаўнікоў старэйшага пакалення і іх пакутамі.

16 чэрвеня 2020, 10:29