Пошук

Vatican News
AUSTRIA RUSSIA USA NUCLEAR POLICIES Дэлегацыя ЗША накіроўваецца на перамовы па СНВ-ІІІ  (ANSA)

Іерархі ЕС і ЗША: малітва за расійска-амерыканскія перамовы

Біскупы Еўрапейскага саюза і ЗША запэўнілі ў сваёй малітоўнай падтрымцы перамоў ЗША і Расіі па пытаннях кантролю над узбраеннямі, якія пачаліся 22 чэрвеня ў Вене. Яны выступілі з сумеснай заявай.

Размовы датычацца аднаўлення Дамовы аб кіраванні ядзернай зброяй, падпісанай у 2010 г. на дзесяць гадоў.

“Мы запэўніваем у сваіх малітвах і заклікаем католікаў і ўсіх вернікаў далучыцца да малітвы аб плённым дыялогу, які дапаможа прасоўванню неабходнага кантролю над узбраеннямі і да раззбраення, спрыяючы больш мірнаму і справядліваму свету”, - напісалі іерархі.

У выпадку непрадаўжэння Дамовы Злучаныя Штаты і Расія не будуць мець ніякіх юрыдычных падстаў для абмежавання сваіх ядзерных арсеналаў, што вядзе да сур’ёзных наступстваў для бяспекі ва ўсім свеце.

У заяве каталіцкіх біскупаў падкрэсліваецца: “Для многіх страх патэнцыйнай ядзернай вайны знік з свядомасці з заканчэннем халоднай вайны, аднак апошнія геапалітычныя падзеі нагадваюць, што нашаму свету па-ранейшаму пагражае сур’ёзная небяспека”. Яны выказваюць надзею, што двухбаковая сустрэча будзе “адзначана мудрасцю”, паколькі “ядзерны кантроль і раззбраенне маюць высокі прыярытэт”.

У канцы заявы прыводзяцца словы, якія папа Францішак сказаў падчас свайго Апостальскага візіту ў Японію: “Няхай малітва, нястомная праца ў падтрымку дамоўленасцей і трывалае імкненне да дыялогу стануць самай магутнай “прыладай” (...) для будаўніцтва планеты справядлівасці і салідарнасці: усё гэта можа стаць сапраўднай гарантыяй міру”.

Двухбаковая дамова па СНВ-III, якая ўступіла ў сілу ў 2011 г., абмяжоўвае, у прыватнасці, колькасць разгорнутых міжкантынентальных балістычных ракет, балістычных ракет на падводных лодках і стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў-ракетаносцаў. Яна ахоплівае дзесяцігадовы перыяд з магчымасцю падаўжэння на пяць гадоў.

23 чэрвеня 2020, 11:25