Пошук

Vatican News

Даклад Камісіі ЗША па рэлігійнай свабодзе ў свеце

Дзяржаўны сакратар ЗША адзначыў станоўчую дынаміку ў плане захавання шэрагам краін рэлігійнай свабоды, хоць выпадкі дыскрымінацыі на рэлігійнай глебе ў свеце ўсё яшчэ існуюць.

Майк Пампеа і Надзвычайны пасол Злучаных Штатаў у галіне свабоды веравызнання Сэм Браўнбэк прадставілі штогадовы даклад Камісіі ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе (USCIRF).

Пампеа назваў Гамбію, якая летась падала пазоў у Міжнародны суд, абвінаваціўшы ўлады Бірмы ў злачынствах генацыду супраць мусульманскага этнасу Рахінджа. У сваю чаргу Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, як адзначыў Дзяржсакратар, з’яўляюцца першай краінай на Блізкім Усходзе, якая дазволіла будаўніцтва храма мармонаў. Ва Узбекістане дасягнуты значны прагрэс у сферы свабоды рэлігіі. Палітык прызнаў, што гэта пацвердзілі рэлігійныя лідары, з якімі ён сустракаўся ў пачатку года.

Аптымістычнай прыкметай ён таксама назваў адсутнасць у 2019 г. пацверджаных выпадкаў рэйдаў паліцыі на незарэгістраваныя сходы рэлігійных груп. Між тым, у 2018 г. было зафіксавана 114 такіх фактаў, і 240 – годам раней.

Сярод прыкладаў рэлігійнага пераследу і абмежавання свабоды веравызнання Пампеа згадаў дзеянні ўрада Нікарагуа, які, як адзначаецца ў справаздачы, “пераследуе і запалохвае рэлігійных лідараў і паслядоўнікаў, апаганьвае рэлігійныя месцы”.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што тэрарысты з груповак “Ісламская дзяржава” і “Бока Харам” па-ранейшаму атакуюць хрысціян і мусульман у Нігерыі. Ён нагадаў, што толькі ў снежні мінулага года яны забілі 10 нігерыйскіх паслядоўнікаў Хрыста.

Паводле амерыканскага палітыка, у Кітаі ўзмацніліся дзяржаўныя рэпрэсіі супраць усіх рэлігій.

Ён растлумачыў, што мясцовая Камуністычная партыя навязвае паслухмянасць рэлігійным арганізацыям і спрабуе ўкараніць камуністычныя догмы ў паўсядзённыя практыкі вернікаў. Ён адзначыў, што ў Кітаі працягваюцца масавыя арышты уйгураў, рэпрэсіі тыбетцаў, будыстаў, секты Фалуньгун і хрысціянаў.

Пампеа падкрэсліў, што апошні даклад – доказ моцнай рашучасці ўрада ЗША абараняць чалавечую годнасць.

Браўнбэк, са свайго боку, звярнуў увагу, што дзякуючы рэформам, якія праводзяцца ўрадамі Судана і Узбекістана, яны былі выключаны са спісу краін, якія выклікаюць асаблівую заклапочанасць.

Камісія па міжнароднай рэлігійнай свабодзе кансультуе прэзідэнта ЗША, Кангрэс і Дзяржсакратара.

16 чэрвеня 2020, 12:54