Пошук

Vatican News

Рэлігійныя ўстановы не будуць інвеставаць у “брудную” энергетыку

42 рэлігійныя ўстановы розных канфесій у 14 краінах сумесна вырашылі спыніць інвестыцыі ў кампаніі, якія вырабляюць або гандлююць выкапнёвымі відамі паліва.

Сумесную дэкларацыю сярод іншых падпісалі каталіцкія, метадысцкія, англіканскія і будысцкія арганізацыі. Пра ініцыятыву абвясціў Сусветны каталіцкі рух за навакольнае асяроддзе (Global Catholic Climate Movement).

У спецыяльнай заяве адзначаецца, што ўрады ўсяго свету робяць велізарныя інвестыцыі, каб дапамагчы аднаўленню пасля крызісу, выкліканага пандэміяй каронавіруса. Рэлігійныя супольнасці, са свайго боку, настойваюць на “доўгатэрміновым планаванні і арыентацыі на справядлівы і ўстойлівы эканамічны рост”.

У красавіку, нагадваецца ў тэксце, 21 каталіцкая арганізацыя з агульным бюджэтам 40 мільярдаў долараў абавязалася інвеставаць у кампаніі, якія падпісалі абавязацельствы пад назвай Каталіцкая інвестыцыйная дэкларацыя (Catholic Impact Investing Pledge). Гаворка ідзе пра ўключэнне стандартаў па ахове навакольнага асяроддзя і сацыяльнай справядлівасці, якія ўтрымлівае сацыяльнае вучэнне Касцёла, у інвестыцыйныя планы.

Напрыклад, у Аўстрыі ў канцы сакавіка біскупская канферэнцыя абвясціла, што выведзе ўсе сродкі, укладзеныя ў вугальныя, газавыя і нафтавыя кампаніі, якія знішчаюць навакольнае асяроддзе. Тое ж зробяць дыяцэзіі і арганізацыі, звязаныя з Касцёлам.

Новая ініцыятыва 42 рэлігійных устаноў накіравана на тое, каб заахвоціць урады ўсяго свету прасоўваць палітыку, якая забяспечвае “поўны і ўстойлівы” эканамічны рост у паслякаронавірусны перыяд.

“Цяперашні крызіс у галіне аховы здароўя больш чым калі-небудзь падкрэсліў неабходнасць узгодненых міжнародных дзеянняў ва ўмовах глабальнай пагрозы”, - сказаў арцыбіскуп Роўэн Уільямс, былы Прымас Англійскай Царквы. Па яго словах, досвед каронавіруса – гэта таксама ўрок па змене клімату. “Гаворка ідзе пра прыняцце практычных і эфектыўных мер па змяншэнні нашай смяротнай залежнасці ад выкапнёвых відаў паліва”, - адзначыў ён.

У сваю чаргу а. Эндра Віджаянта, старшыня Камісіі па справядлівасці, міры і абароне стварэння архідыяцэзіі Семаранга ў Інданэзіі, адзначыў, што “пандэмія – гэта час не толькі для разважанняў, але і для дзеянняў” па змене “спіралі экалагічнай смерці”, “спынення і наступнага шляху да больш збалансаванага ладу жыцця”.

Натхненнем для паўстання Сусветнага каталіцкага руху за навакольнае асяроддзе стала энцыкліка папы Францішка “Laudato si'”. Адной з асноўных тэм дакумента, выдадзенага пяць гадоў таму, з’яўляецца ўзаемасувязь паміж экалагічным крызісам Зямлі і сацыяльным крызісам чалавецтва. У ім гучыць заклік да інтэгральнай экалогіі.

26 мая 2020, 14:00