Пошук

1589023114413.jpg

Касцёл у Еўропе: вынішчаць вірус нацыяналізму і эгаізму

“Нам патрэбны іншы вірус – вірус салідарнасці і міласэрнасці”, каб зразумець, што “чалавек не жыве адзін”, што “можам быць чалавечнымі толькі разам з іншымі”, - заўважыў кардынал Жан-Клод Олерыш.

У 70-годдзе “дэкларацыі Шумана” – пагаднення 1950 г. аб аб’яднанні прамысловасцей Францыі і ФРГ, якое стала пачаткам працэсу ўтварэння ЕС, старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) заклікаў міжнародную супольнасць да стварэння маштабнай сеткі салідарнасці для прадухілення пандэміі, будаўніцтва міру і абароны каштоўнасцей, што ляжалі ў аснове Старога кантынента.

“Салідарнасць не спыняецца на межах Еўропы. Мы маем праблемы з межамі: межамі ў Еўропе і межамі Еўрасаюза з іншымі краінамі. Ёсць людзі, якія паміраюць на мяжы ЕС, і мы не можам з гэтым мірыцца”

, - сказаў кардынал у інтэрв’ю Vatican News.

Што датычыць барацьбы з пандэміяй, іерарх заўважыў, што “толькі тэарэтычных рашэнняў недастаткова”: “дапамога павінна прыходзіць хутка, інакш людзі губляюць давер да Еўропы”.

У гэты час асаблівага выпрабавання Касцёл у Еўропе заклікае да большай салідарнасці і спагады, да абароны самых бедных, да пазіцыі рэалізму, заснаванага на ідэі Еўропы, якую без міру і салідарнасці ўявіць немагчыма.

“Вельмі важна прадэманстраваць свету, што чалавечая супольнасць можа быць салідарнай, што такі глабальны крызіс (…) можа быць пераможаны толькі на сусветным узроўні і што Еўрасаюз – гэта інструмент міру ў свеце. Таму давайце змагацца з каронавірусам і з вірусам нацыяналізму і эгаізму”, - заклікаў арцыбіскуп Люксембурга.

09 мая 2020, 13:30