Пошук

Vatican News

Хрысціяне Еўропы пра салідарнасць падчас пандэміі

Хрысціянскія арганізацыі з Германіі і Францыі заклікалі да большай еўрапейскай і сусветнай салідарнасці падчас пандэміі каронавіруса.

Нам трэба выйсці за межы крызісу і стварыць умовы для міжнароднага супрацоўніцтва, - напісалі ў сумеснай заяве Цэнтральны камітэт нямецкіх католікаў, французская асацыяцыя “Хрысціянская ініцыятыва на карысць Еўропы” і арганізацыя “Французскія сацыяльныя тыдні”.

Аўтары папярэджваюць, што пандэмія можа яшчэ больш паглыбіць няроўнасць паміж еўрапейскімі краінамі. Менавіта таму яны прапануюць прыняць Еўрапейскую праграму абнаўлення.

“Мы павінны звярнуць увагу на хуткае вяртанне да асноўных свабод унутранага рынку, элементам чаго з’яўляюцца, напрыклад, адкрытыя межы”

, - гаворыцца ў заяве.

Прынятыя меры бяспекі, такія як абмежаванне свабоды перамяшчэння і прыпыненне іншых асноўных правоў і свабод, што былі ўведзены ў якасці абароны ад заражэння, павінны рэгулярна кантралявацца з пункту гледжання іх неабходнасці і мэтазгоднасці, - лічаць буйныя хрысціянскія асацыяцыі. Асабліва ў цяперашняй сітуацыі важна атрымліваць дакладную інфармацыю і не абмяжоўваць свабоду думкі.

Аўтары звярнулі ўвагу, што еўрапейская салідарнасць павінна выходзіць за межы нацыянальных інтарэсаў. Еўропа абавязана даць магчымасць бедным краінам устойліва развівацца пасля крызісу, у тым ліку шляхам увядзення мараторыя на запазычанасць і справядлівых умоў гандлю.

Акрамя таго, нягледзячы на пандэмію, трэба аказваць дапамогу бежанцам на знешніх межах Еўрапейскага саюза, асабліва дзецям і іх сем’ям. “Мы настойліва заклікаем Еўракамісію заключыць новую дамову па міграцыі і прытулку, якая будзе грунтавацца на рэальнай салідарнасці з краінамі па-за знешнімі межамі Саюза”, - гаворыцца ў сумеснай заяве хрысціянскіх арганізацый з Германіі і Францыі.

Дакумент быў апублікаваны да 70-годдзя абвяшчэння Плана Шумана, які стаў палітычнай асновай для пабудовы еўрапейскага адзінства і быў заснаваны на “салідарнасці чыну”.

07 мая 2020, 12:53