Пошук

Vatican News

Ватыканская кангрэгацыя пра вынікі і выклікі крызісу адукацыі

Пандэмія дае магчымасць усвядоміць, што адукацыя – гэта не толькі перадача пэўнага зместу ці ведаў, але і каштоўнасцей ад настаўніка вучню, - адзначыў прэфект Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі.

Кардынал Джузэпэ Версальдзі падкрэсліў, што крызіс, у якім сфера апынулася ў выніку цяперашняй сітуацыі, закрануў і каталіцкія школы ва ўсім свеце і іх 61 мільён вучняў. Не недаацэньваючы цяжкасці, іерарх спадзяецца, што яны дапамогуць зрабіць крок наперад, асабліва калі гаворка ідзе пра выкарыстанне новых тэхналогій.

Ватыканскі прэфект выказаў сур’ёзную заклапочанасць становішчам недзяржаўных школ, якім улады адмаўляюцца аказваць належную падтрымку, асабліва падчас крызісу, калі некаторыя бацькі не могуць дазволіць сабе плаціць за навучанне. Так, напрыклад, адбываецца ў Італіі, дзе сёлета кожнай другой каталіцкай школе пагражае закрыццё. Кіраўнік дыкастэрыі падкрэсліў, што свабода адукацыі – адна з асноў дэмакратыі.

“Недзяржаўныя грамадскія школы, каталіцкія і іншыя выконваюць служэнне на карысць грамадства. Нават калі яны не належаць дзяржаве, служаць грамадству, сям’і і моладзі, як і дзяржаўныя школы. Ад іх залежыць захаванне плюралізму адукацыйнай прапановы, які з’яўляецца асновай дэмакратыі”, - сказаў кардынал Ватыканскаму радыё.

Трэба адзначыць, што ў многіх краінах ЕС дзяржавай субсідзіруе каталіцкія школы на роўні з дзяржаўнымі, але не ва ўсіх. Так у Італіі дзейнасць каталіцкіх школ амаль цалкам аплачваецца бацькамі. Многія з іх не могуць сабе дазволіць гэтага падчас цяперашняга крызісу. Улады краіны ігнаруюць каталіцкія школы ў дэкрэтах і пастановах, у тым ліку прынятых па выніках сітуацыі, выкліканай пандэміяй.

28 красавіка 2020, 13:25