Пошук

Vatican News

Урачы-католікі пра дэструктыўнасць страху ў эпоху пандэміі

Сёння мы часта адчуваем страх таму, што адмаўляем нашу ўразлівасць і слабасць, і ў кантэксце хваробы гэта становіцца яшчэ больш відавочным, - адзначылі ўрачы-католікі Буэнас-Айрэса ў сваім звароце.

У тэксце, падпісаным віцэ-старшынёй арганізацыі Элен Рытай Пасі, падкрэсліваецца, што гэта пачуццё можна пераадолець толькі “ласкай веры, сілай прыхільнасці да Хрыстовага Касцёла і яго вучэння”.

Медыкі выказваюць удзячнасць усім, хто ва ўмовах цяперашняга крызісу праявіў гатоўнасць паклапаціцца аб хворых і такім чынам перад абліччам страху “даў той адказ, які набліжае да святасці”.

Аўтары звароту адзначаюць, што ў шматлікіх краінах доступ да медыцынскай дапамогі залежыць ад плацежаздольнасці, што яшчэ больш павялічвае страх перад заражэннем і ў канчатковым рахунку ператвараецца ў “абвінавачанне іншага чалавека, успрыманага як непадобнага на нас”.

“Вінаватымі лічаць урачоў, медсясцёр, санітараў, паколькі клапоцячыся пра пацыента яны могуць заразіцца. Абвінавачванні гучаць у адрас суседа, таму што ён з іншай краіны, у адрас чалавека іншай нацыянальнасці ці культуры, – лічыцца, што яны могуць заразіць”, - звяртаюць увагу аргентынскія медыкі.

Усе абвінавачванні – гэта крык “маральна нездаровага грамадства, якое не баіцца дыскрымінаваць іншага”. Няма горшага рабства, чым рабства страху, падкрэсліваюць аўтары паслання, адзначаючы, што страх можа выявіць тое горшае, што ёсць ва ўсіх нас.

25 красавіка 2020, 13:46