Пошук

Vatican News

Кардынал-прэфект: дараваць працэнты па крэдытах бедным краінам

Новы прэфект Кангрэгацыі евангелізацыі народаў прапанаваў багатым краінам, у сувязі з надзвычайнай сітуацыяй у свеце, спісаць працэнты па крэдытах для крытычна запазычаных дзяржаў.

“Сёння аказваецца, што ў нас не хапае санітарных масак, у той час як боепрыпасаў занадта шмат”, - заўважыў кардынал Луіс Антоніа Тагле падчас гаміліі ў нядзелю 29 сакавіка 2020 г. “У нас няма дастатковай колькасці рэспіратараў, але ёсць мільёны песа, долараў і еўра на самалёты, якія могуць атакаваць людзей”, - дадаў ён.

“Гэты дысбаланс можа стаць “магілай” для бедных краін і іх народаў”, - сказаў філіпінскі іерарх і папрасіў багатыя краіны планеты адмовіцца ад працэнтаў па крэдытах, дадзеных такім дзяржавам, каб яны маглі вырашыць найбольш актуальныя праблемы, звязаныя з пандэміяй коронавіруса. “Зняцце доўгу дазволіла б тым, хто сядзіць у “магіле” запазычанасці, знайсці шлях да жыцця”, - сказаў кардынал, спасылаючыся на Евангелле аб уваскрашэнні Лазара.

Ватыканскі прэфект заклікаў урады ўсяго свету перанакіраваць ваенныя выдаткі на іншыя мэты, такія як адукацыя, будаўніцтва жылля і вытворчасць прадуктаў харчавання. Менавіта гэта, а не зброя, гарантуе сапраўдную бяспеку.

20 гадоў таму, у Вялікі Юбілей 2000 г. пачалася кампанія, падчас якой Святы Пасад і Касцёл, а таксама шматлікія няўрадавыя арганізацыі заклікалі дараваць доўг краінам з высокай запазычанасцю. Прынятыя міжнароднымі інстытутамі рашэнні ў гэтым пытанні палегчылі становішча бедных дзяржаў і дазволілі ім інвеставаць у адукацыю і сістэму аховы здароўя. На жаль, не ўсе краіны скарысталіся гэтым, сведчаць даныя міжнародных інстытутаў развіцця. Сітуацыя ў некаторых з іх нават горшая, чым 20 гадоў таму. І крызіс, звязаны з пандэміяй каронавіруса, пагоршыць становішча.

31 сакавіка 2020, 13:33