Пошук

Рэўвэн Рыўлін падчас сустрэчы з Францішкам у Ватыкане Рэўвэн Рыўлін падчас сустрэчы з Францішкам у Ватыкане  

Улады Ізраіля чакаюць Папу на інаўгурацыі Зямлі кляштараў

Прэзідэнт Ізраіля Рэўвэн Рыўлін запрасіў Францішка наведаць Іерусалім. Кіраўнік дзяржавы хацеў бы, каб Папа прыняў удзел у інаўгурацыі праекта Зямля кляштараў.

Ініцыятыва накіравана на папулярызацыю рэлігійнага турызму ў хрысціянскіх культавых месцах на рацэ Ярдан, каля меркаванага месца хросту Езуса. Раней раён быў недаступны, бо знаходзіўся ў замініраванай мілітарызаванай зоне.

Выступаючы 30 снежня ў Прэзідэнцкім палацы ў Іерусаліме падчас традыцыйнай навагодняй вечарыны для кіраўнікоў хрысціянскіх Цэркваў у Ізраілі, Рыўлін абвясціў, што ў пачатку 2020 г. завершыцца размініраванне Зямлі кляштараў. Гэты раён ужо наведалі ў 2019 г. амаль 900 тыс. хрысціянскіх паломнікаў.

“Праект будзе добрым для ўсіх: хрысціян, мусульман і юдэяў, ізраільцян, палестынцаў і іарданцаў. Трэба памятаць, што мы не асуджаны на ўзаемныя зносіны. Узаемныя зносіны – гэта наш лёс, і таму мы павінны рэалізаваць ініцыятывы, якія прынясуць карысць усім”, - запэўніў Прэзідэнт.

Ён абвясціў, што праз некалькі тыдняў у Інстытуце Яд Вашэм у Іерусаліме прыме кіраўнікоў з усяго свету на цырымоніі, прымеркаванай да 75-годдзя вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў, і закліча чалавецтва памятаць пра Халакост і барацьбу з антысемітызмам і нянавісцю.
“Я вельмі ўдзячны за нядаўнія словы Папы пра тое, што пераслед яўрэяў бесчалавечны і нехрысціянскі, а таксама за заявы іншых хрысціянскіх лідараў супраць уздыму антысемітызму. Гэтыя паведамленні маюць важнае значэнне для чалавецтва. Як антыяўрэйская прадузятасць не з’яўляецца хрысціянскай, так і антыхрысціянскія забабоны не з’яўляюцца яўрэйскімі”, - сказаў ізраільскі Прэзідэнт.

Рыўлін заклікаў супрацьдзейнічаць актам нянавісці паміж рэлігійнымі супольнасцямі ў Іерусаліме і Святой Зямлі. “На жаль, у гэтым годзе хрысціян зноў забівалі на Блізкім Усходзе толькі за тое, што яны захоўвалі сваю веру. Іерусалім павінен быць узорам міру і згоды паміж рэлігіямі”, - падкрэсліў ён.

Трэба нагадаць, што Францішак ужо наведваў Іерусалім 25-26 мая 2014 г. у рамках свайго Апостальскага падарожжа, падчас якога быў у Іарданіі, Палестыне і Ізраілі.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 студзеня 2020, 12:39