Пошук

Vatican News

Святы Пасад заклікае ЗША і Іран да прымірэння і дыялогу

Святы Пасад занепакоены эскалацыяй канфлікту паміж Вашынгтонам і Тэгеранам, выкліканай смерцю генерала Касэма Сулеймані, ключавой фігуры іранскага істэблішменту.

Ён быў забіты 3 студзеня 2020 г. у выніку ракетнага ўдару ЗША па Багдадзе. Улады Ірана расцанілі амерыканскі рэйд як акт тэрарызму. Прэзідэнт краіны, Вялікі аятола Сэйед Алі Хамэнэі, паабяцаў ЗША “жорсткую помсту”. Еўрасаюз заклікае варожыя бакі да міру, НАТА сочыць за сітуацыяй у суседнім Іраку.

Па словах Апостальскага нунцыя ў Іране, арцыбіскупа Леа Бакардзі, сітуацыя ў краіне застаецца напружанай. У Тэгеране адбываюцца шматтысячныя маніфестацыі і пратэсты, якія часта выліваюцца ў акты жорсткасці і насілля. Дыпламат перакананы, што ў такой сітуацыі “трэба верыць у перамовы” і дыялог, адмовіцца ад канфлікту і “узброіцца” справядлівасцю і добрай воляй.

“Неабходна працягваць прыкладаць намаганні і прыцягваць увагу міжнароднай супольнасці да сітуацыі на Блізкім Усходзе. Гэтая сітуацыя павінна быць урэгулявана, і ўсе павінны быць прыцягнуты да прамой адказнасці, якую мы нясём. “Pacta sunt servanda” – “Дамоўленасці павінны выконвацца”, – гаворыць важнае правіла дыпламатыі. Таксама і правілы закону павінны ўсімі паважацца”, - заўважыў ватыканскі дыпламат.

У сваю чаргу, кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека, заклікае не аддаляцца ад шляху ў кірунку міру і перамагаць страх і недавер. Ён выказаў перакананне, што ў пашырэнні спакою і ўзаемаразумення паміж нацыямі Святы Пасад адыгрывае выключную ролю, і запэўніў, што пачаткам прымірэнчага шляху павінна быць малітва.

Пра развіццё драматычнай сітуацыі ў Іране паведамляюць Святому Айцу. Францішак вельмі занепакоены, моліцца аб супакоі для гэтага рэгіёну і заклікае да малітвы аб міры ўсіх вернікаў і людзей добрай волі.

04 студзеня 2020, 13:09