Пошук

Vatican News

Папскія ўстановы адзначаць 100-годдзе нараджэння Федэрыка Феліні

Стагоддзе з дня нараджэння Федэрыка Феліні некалькі ватыканскіх і рымскіх устаноў адзначаць праектам, накіраваным на тое, каб паказаць веру вядомага італьянскага рэжысёра і рэлігійную тэматыку ў яго фільмах.

Арганізатарамі ініцыятывы “Мне трэба верыць. Федэрыка Феліні і сакральнае” з’яўляюцца Папскі салезіянскі ўніверсітэт, Інстытут рэлігійных навук імя Альберта Марвэлі і Культурны цэнтр імя Паўла VI у Рыміні. З імі супрацоўнічаюць кінакрытыкі, навукоўцы і сябры маэстра. Падтрымлівае праект і Папская рада па культуры.

У Рыміні, дзе ён нарадзіўся 20 студзеня 1920 г., і ў Рыме, дзе памёр 31 кастрычніка 1993 г., у сакавіку пройдуць два мерапрыемствы: “Дзяцінства свету” і “Дзе Бог?”. На першай сустрэчы размова пойдзе пра маленства і юнацтва Феліні, тэмай другой будзе спроба выявіць рэлігійны аспект яго твораў.

Кс. Рэната Буфера, выкладчык кафедры гісторыі кіно на факультэце камунікацыйных навук у Салезіянуме і адзін са стваральнікаў праекта, нагадаў, што бацькі зрабілі вялікі ўплыў на веру будучага рэжысёра. Яго маці Іда Барбіані была пабожнай каталічкай, а бацька фарміраваў яго падыход да “дыялогу паміж рэлігійнасцю па-жаночы і больш скептычнай, левай, сацыялістычнай у рымскім кантэксце”, - заўважыў італьянскі салезіянін. Ён дадаў, што малады Феліні атрымаў добрую хрысціянскую адукацыю, практыкаваў і развіваў пачуццё Бога і вырас у “добрай рэлігійнасці”.

Эксперт выказаў перакананне, што амаль праз 27 гадоў пасля смерці Феліні можна сказаць, што пытанні веры і духоўнага пошуку адыгрываюць важную ролю ў яго працах; ён шукаў сэнсу жыцця, сэнсу Бога “і, верагодна, знайшоў яго”.

Федэрыка Феліні быў адным з найвялікшых і самых вядомых творцаў не толькі італьянскага, але і сусветнага кіно. Ён зняў больш за 20 фільмаў. Амаль усе з іх адразу станавіліся вядомымі. У 1956-74 гг. яго фільмы чатыры разы атрымлівалі амерыканскія Оскары як лепшыя замежныя, а ў 1993 г. – за некалькі месяцаў да смерці – ён асабіста атрымаў гэтую ўзнагароду за выбітныя дасягненні ў кінематографе.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 студзеня 2020, 14:17