Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Нунцый у Францыі: трэба мужна казаць пра хрысціянафобію

Католікі адыгрываюць важную ролю ў французскім грамадстве. Неабходна паглыбляць дыялог і ўзаемнае супрацоўніцтва, - лічыць арцыбіскуп Чэлесціна Мільёрэ, новы Апостальскі нунцый у Францыі.

Ватыканскі дыпламат перакананы, што неабходна гучна казаць пра існаванне хрысціянафобіі, пацвярджэннем чаму з’яўляецца рост антыкасцёльнага вандалізму ў Францыі.

На працягу апошніх дзён пацярпелі сем касцёлаў Баёнскай дыяцэзіі, дзе былі разбіты дзевяць статуй Панны Марыі. Паводле інфармацыі французскага Міністэрства ўнутраных спраў, у 2018 г. у краіне былі здзейснены 1704 акты вандалізму, з іх 1063 былі антыхрысціянскімі, а 541 – антысеміцкімі. У каментары для “Vatican News” арцыбіскуп Мільёрэ з жалем зазначыў, што пра гэтыя факты практычна не гавораць СМІ.

“Прычына гэтых дзеянняў не заўсёды ясная і адназначная. Часам гэта крадзяжы з мэтай атрымання прыбытку, а часам гэта сапраўдныя акты прафанацыі і дэсакралізацыі сімвалічных і важных месцаў. Паколькі часта гаворыцца пра антысемітызм і ісламафобію, трэба прызнаць, што існуе таксама пэўная форма хрысціянафобіі. У такіх выпадках наймацнейшы боль вернікаў выклікае медыйнае маўчанне пра ўчынкі, што знішчаюць грамадскую і рэлігійную згуртаванасць, а таксама пэўная форма нерашучасці ў асуджэнні гэтых дзеянняў, якія не толькі абражаюць нашу веру, але і крыўдзяць хрысціян”, - заўважыў папскі прадстаўнік.

На пачатку сваёй новай місіі арцыбіскуп Мільёрэ падкрэсліў, што жадае аднавіць давер да ватыканскай дыпламатыі. Папярэдні нунцый, арцыбіскуп Луіджы Вентура, перад сыходам на пенсію быў пазбаўлены дыпламатычнай недатыкальнасці ў сувязі з абвінавачваннямі ў сексуальных дамаганнях. “Я не думаю, што існуе надзейны рэцэпт для аднаўлення і ўмацавання даверу, але гэта, безумоўна, патрабуе пакоры, празрыстасці і спагады”, - сказаў дыпламат.

Папа прызначыў арцыбіскупа Чэлесціна Мільёрэ Апостальскім нунцыем у Францыі 11 студзеня 2020 г. Дагэтуль ён кіраваў дыпламатычнай місіяй Святога Пасаду ў Расійскай Федэрацыі і Узбекістане.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 студзеня 2020, 14:14