Пошук

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса 

Святы Пасад у ААН: неабходна салідарнасць паміж пакаленнямі

Без павагі да годнасці чалавека не можа быць устойлівага развіцця, нагадаў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН, падчас 74-й Сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі.

Ён заклікаў па-сапраўднаму бараніць нашу планету і не абцяжарваць будучыя пакаленні вырашэннем праблем папярэднікаў, а для гэтага не дастаткова толькі слоў. Неабходна аб’яднаць намаганні, каб спрыяць “больш здароваму, больш чалавечаму, больш сацыяльнаму і больш інтэгральнаму прагрэсу”, - падкрэсліў арцыбіскуп Ауса ў Нью-Ёрку, падчас пасяджэння, прысвечанага ўстойліваму развіццю.

Мэты ўстойлівага развіцця, якіх чалавецтва плануе дасягнуць да 2030 г., нагадваюць, што будучыня планеты знаходзіцца ў нашых руках і руках наступных пакаленняў. Спасылаючыся на энцыкліку “Laudato si’”, дыпламат заўважыў, што для ўстойлівага развіцця неабходна “салідарнасць паміж пакаленнямі”.

Ён патлумачыў, што сапраўдны клопат аб планеце “не можа абмяжоўвацца зменай мадэляў вытворчасці і спажывальніцтва”. У першую чаргу, “патрэбна ўвага да братоў і сясцёр па нашым супольным доме”. Экалагічны крызіс звязаны з крызісам чалавечым, этычным і сацыяльным, - падкрэсліў іерарх.

Паводле арцыбіскупа Аусы, нельга зводзіць устойлівае развіццё толькі да эканамічнага росту, абароны навакольнага асяроддзя і тэхналагічнага прагрэсу. У першую чаргу, трэба клапаціцца пра годнасць кожнага чалавека і прасоўванне агульнага дабра, агучыў ён пазіцыю Святога Пасаду.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 кастрычніка 2019, 14:35