Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса 

Святы Пасад у ААН аб сітуацыі на Блізкім Усходзе

Прадстаўнік Святога Пасаду прыняў удзел у дэбатах аб сітуацыі на Блізкім Усходзе, якія прайшлі ў Радзе Бяспекі ААН, заклікаючы пакласці канец пакутам людзей і знайсці шляхі да прымірэння.

Падчас дыскусій, якія прайшлі 28 кастрычніка 2019 г. у Нью-Ёрку, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса звярнуў увагу на катастрафічную гуманітарную сітуацыю ў Емене, дзе ад голаду паміраюць дзеці, існуе недахоп у пітной вадзе, нанесены сур’ёзны ўрон эканоміцы, назіраюцца праблемы з доступам да гуманітарнай дапамогі.

Дыпламат нагадаў, што ў верасні ў краіне была адзначана найбольшая смяротнасць, калі ў выніку канфлікту штодзённа гінулі каля трынаццаці чалавек. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заклікаў спыніць пастаўкі зброі ў рэгіён, бо “найгоршыя гуманітарныя крызісы выяўляюцца там, дзе ёсць свабодны абарот зброі і ўзбраенняў”.

Арцыбіскуп Ауса выразіў занепакоенасць сітуацыяй у Сірыі ў сувязі з падзеямі на паўднёвым усходзе краіны. “Пробліскам надзеі” ён назваў скліканне першага пасяджэння Канстытуцыйнага камітэта, якое павінна адбыцца 30 кастрычніка ў Жэневе, з мэтай распрацоўкі новага праекту Канстытуцыі краіны. У той жа час дыпламат заклікаў забяспечыць гуманітарнай дапамогай людзей, якія былі вымушаны ўцякаць ад канфлікту, што разгарнуўся ў кастрычніку, а таксама паважаць іх правы і этнічную тоеснасць.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы выказаў занепакоенасць адсутнасцю еднасці ў палестынскім грамадстве, што робіць усё больш і больш далёкай перспектыву міру, а таксама ў сувязі з “шкоднай рыторыкай, пагрозамі, тэрарызмам і насіллем, у тым ліку непрапарцыянальным выкарыстаннем сілы” структурамі бяспекі.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 кастрычніка 2019, 13:53