Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Пасад: чалавецтва працягвае “карміць” вайну, а не людзей

Амаль кожны дзявяты чалавек у свеце недаядае, хоць “ежы больш чым дастаткова для ўсіх”: Святы Пасад канстатаваў “адсутнасць прагрэсу ў справе вынішчэння голаду ў свеце”.

Такую пазіцыю выказаў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў ААН, 11 кастрычніка 2019 г. на пасяджэнні ў рамках 74-й Сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі, якая праходзіць у Нью-Ёрку.

Іерарх прызнаў, што ў апошнія гады назіраецца “ўсеагульная мабілізацыя высілкаў па вызваленні амаль мільярда чалавек з надзвычайнай галечы”, аднак быў вымушаны сцвердзіць, што, на жаль, “гэты станоўчы зрух рэзка кантрастуе з адсутнасцю прагрэсу ў справе вынішчэння голаду ў свеце”.

У якасці пацвярджэння ватыканскі дыпламат спаслаўся на даныя афіцыйнай справаздачы ААН, згодна з якімі ў 2018 г. прыкладна кожны дзявяты чалавек у свеце недаядаў; 49 мільёнаў дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў пакутавалі ад вострага недахопу ежы.

“Наша адказнасць перад беднымі, галоднымі, пакінутымі – гэта маральны абавязак”, - сказаў іерарх і нагадаў заклік папы Францішка да міжнароднай супольнасці не абмяжоўвацца прапановамі ці дамоўленасцямі, але аказваць эфектыўную дапамогу бедным, бо “ў XXI ст., які зазнае значныя поспехі ў галіне тэхналогій, навукі, камунікацый і інфраструктуры, чалавецтву павінна быць сорамна за тое, што яно не дасягнула тых жа вынікаў у развіцці гуманнасці і салідарнасці і не здолела задаволіць асноўныя патрэбы найбольш абяздоленых слаёў насельніцтва”.

Кіраўнік дэлегацыі Святога Пасаду ўказаў на тры “хвалюючыя тэндэнцыі”, якія назіраюцца ў міжнароднай працы па выкараненні голаду ў свеце.

Па-першае, на планеце па-ранейшаму пануюць марнатраўства ў адносінах да прадуктаў харчавання, іх незбалансаванае размеркаванне і неадэкватныя мадэлі вытворчасці і спажывецтва.

Па-другое, ініцыятывы ў галіне харчовай бяспекі нярэдка сутыкаюцца з перашкодамі ў выглядзе тых ці іншых палітычных рашэнняў, мытных бар’ераў і скажоных ідэалогій, чаго не адбываецца з гандлем зброяй. Чалавецтва корміць вайну, а не людзей, і гэта недапушчальна, заўважыў арцыбіскуп Ауса і дадаў, што “гарантыя харчовай бяспекі” павінна стаць “адным з цэнтральных элементаў умацавання міжнароднай бяспекі і супрацьстаяння культуры насілля”.

Па-трэцяе, ліквідацыя голаду павінна грунтавацца не на імкненні навязаць пераважнай большасці волю нямногіх, як гэта адбываецца сёння, але на партнёрстве і залучэнні мясцовых супольнасцей і ўсіх зацікаўленых бакоў.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 кастрычніка 2019, 12:28