Пошук

Vatican News
Сядзіба ААН. Ілюстрацыйнае фота Сядзіба ААН. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН пра ўстойлівае развіццё і сітуацыю ў Сірыі

Дзяржсакратар Яго Святасці знаходзіцца з візітам у Нью-Ёрку, дзе прымае ўдзел у працы 74-й Генеральнай Асамблеі ААН. Ён выступіў на двух пасяджэннях, прысвечаных устойліваму развіццю і сітуацыі ў Сірыі.

Кардынал Пьетра Паралін заклікаў да выкарыстання чалавечых, фінансавых, тэхнічных і тэхналагічных рэсурсаў для аказання дапамогі краінам, якія развіваюцца, у прыватнасці, тым, што змагаюцца з войнамі і канфліктамі, геаграфічнай ізаляцыяй, надзвычайнай беднасцю, сур’ёзнай дэградацыяй навакольнага асяроддзя і адсутнасцю самых простых паслуг.

На думку Святога Пасаду грамадзянская супольнасць і ўрады павінны прыкладаць больш узгодненыя і паслядоўныя намаганні для стварэння дакладнай і актуальнай карціны рэальнай сітуацыі з беднасцю ў свеце.

“Я хацеў бы падкрэсліць, што партнёрства для ўстойлівага і цэласнага развіцця чалавека азначае рух разам у адным кірунку. Гэта азначае адхіленне ад тэндэнцыі да ідэалагічнай каланізацыі і ад навязвання сваёй волі. Гэта азначае працаваць на агульную карысць, добрасумленна з усімі зацікаўленымі бакамі”, - падкрэсліў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

На нарадзе па Сірыі кардынал Паралін прызнаўся, што Святы Пасад з вялікай заклапочанасцю працягвае сачыць за драматычнай гуманітарнай сітуацыяй і трагедыяй, у выніку якой ужо больш за восем гадоў пакутуе сірыйскі народ.

Іерарх падзяліўся назіраннямі па сірыйскай праблеме: накладзеныя санкцыі ствараюць вялікую нагрузку на грамадзянскага насельніцтва; актуальнай застаецца праблема вяртання бежанцаў і працэс прымірэння; не можна забывацца, што хрысціяне і рэлігійныя меншасці заўсёды адыгрывалі ўнікальную ролю ў сацыяльнай структуры Блізкага Усходу.

Пасля васьмі пакутлівых гадоў канфлікту неабходна пераадолець палітычную стагнацыю і набрацца смеласці шукаць новыя шляхі дыялогу і новыя рашэнні, з духам рэалізму і турботы пра ахвяр, - заклікаў кардынал Паралін.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 верасня 2019, 14:56