Пошук

Папа з японскімі верніцамі ў Ватыкане Папа з японскімі верніцамі ў Ватыкане 

Візіт Францішка ў Японію: якая краіна чакае Папу?

У Японіі слабеюць грамадскія і сямейныя сувязі, што непазбежна суправаджаецца трагедыяй адзіноты, - заўважыў кс. Марка Віла, генеральны сакратар Папскага інстытута замежных місій.

Доўгія гады прэлат служыў місіянерам у Краіне Узыходзячага Сонца, дзе заснаваў Цэнтр духоўнай дапамогі ў горадзе Косігая, на поўнач ад Токіо, у якім суправаджаюць адзінокіх людзей і прымаюць тых, хто мае патрэбу ў развіцці чалавечых адносін і хоча адчуць увагу да сябе.

Францішак збіраецца паехаць у Японію. Візіт запланаваны на лістапад 2019 г. Аб гэтым заявіў сам Папа яшчэ ў пачатку года, адказваючы на пытанне японскай журналісткі падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта, па дарозе на Сусветныя дні моладзі ў Панаме

Пантыфік накіруецца ў краіну, жыхары якой паглынутыя працай, забываюцца пра адпачынак і час для пошуку сэнсу існавання, чалавечых адносін і рэлігійнага досведу.

Генеральны сакратар падкрэсліў, што, на жаль, у Японіі паступова згасае традыцыйны хатні агмень: у краіне вельмі нізкі ўзровень нараджальнасці, амаль траціна насельніцтва старэйшыя за 65 гадоў. Сярод моладзі шырыцца феномен добраахвотнай сацыяльнай ізаляцыі (т.зв. хікікаморы): паводле афіцыйных дадзеных, больш за 700 тыс. юнакоў і дзяўчат зачыняюцца ў сябе ў пакоі і спыняюць усе кантакты са знешнім светам. І гэта выклік для мясцовага Касцёла – быць бліжэй да людзей.

Сярод іншых праблем, якія стаяць перад католікамі, – зніжэнне колькасці святарскіх і манаскіх пакліканняў, а таксама замежных святароў. Новыя місіянеры прыбываюць у асноўным з Філіпін, Паўднёвай Карэі і В’етнама. У краіне ўсяго 440 тыс. католікаў на 145 млн насельніцтва.

Генеральны сакратар Папскага інстытута замежных місій пацвердзіў, што існуюць вялікія чаканні і энтузіязм адносна візіту Францішка ў краіну. “Касцёл Японіі – гэта малы статак, і прысутнасць Папы падорыць яму натхненне, радасць і магутную падтрымку ў вырашэнні існуючых задач.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 жніўня 2019, 14:48