Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад з ініцыятывай месяца малітвы аб прыродзе

З нагоды Сусветнага дня біяразнастайнасці і 4-ай гадавіны публікацыі энцыклікі “Laudato si’” Святы Пасад заахвочвае каталіцкіх біскупаў да ініцыятывы “Час стварэння”.

Іерархі ўсіх краін свету атрымалі лісты ад Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека з запрашэннем падрыхтаваць годнае перажыванне экуменічнага месяца малітвы аб ахове навакольнага асяроддзя, успрымаючы гэтае заданне як “частку сваіх абавязкаў у якасці лідараў душпастырства”.

З 1 верасня, калі адзначаецца Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, па 4 кастрычніка 2019 г. (успамін св. Францішка з Асізі) хрысціяне ўсяго свету духоўна яднаюцца ў малітве і на акцыях, накіраваных на ахову планеты і навакольнага асяроддзя.

У гэтым годзе тэма адмысловай сусветнай экуменічнай малітвы гучыць як “Сетка жыцця”. Яна “звязвае нашу ролю ахоўнікаў Божага стварэння з тэрміновай неабходнасцю абараняць біяразнастайнасць” і “мае важныя сувязі з Сінодам Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, які будзе праходзіць у кастрычніку”, - адзначаецца ў лісце-запрашэнні.

Ад адарацыі і малітвы да збору адходаў, ад заклікаў да перагляду палітыкі на карысць запаволення працэсу глабальнага пацяплення да фарміравання камітэтаў па пашырэнні ідэй інтэгральнай экалогіі і ажыццяўлення на практыцы зместу “Laudato si’” – Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека бачыць мноства магчымасцей разважліва і эфектыўна пражыць месяц, прысвечаны малітоўнай ініцыятыве.

“Час усяго стварэння” – экуменічная акцыя, да якой штогод далучаецца Англіканская Царква, Сусветная Лютэранская Федэрацыя, Сусветная Рада Цэркваў і Сусветны Евангелічны Альянс.

У справе заахвочвання да малітвы і канкрэтных учынкаў на карысць аховы навакольнага асяроддзя і абароны біяразнастайнасці да Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека далучыліся Сусветны каталіцкі рух за клімат і Панамазонская касцёльная сетка. Разам яны запрашаюць душпастыраў Касцёла і ўсіх вернікаў “праслаўляць жыццё і абараняць Божае стварэнне”.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 чэрвеня 2019, 15:14