Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  

Ватыканскі дыпламат пра палітычную нейтральнасць Касцёла

Захаванне ўніверсальнага характару хрысціянства і каталіцкасці Касцёла і яго рэлігійнай місіі залежыць ад яго палітычнай нейтральнасці, - лічыць Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выступіў у Варшаўскім універсітэце на ўрачыстай навуковай сесіі з нагоды 100-годдзя з дня аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Польшчай.

З самага пачатку свайго існавання Касцёл сутыкаўся з далікатным пытаннем адносін паміж рэлігіяй і свецкай уладай. Мудрая запаведзь Хрыста, аддаць кесару кесарава, а Богу тое, што належыць да Яго, лягло ў аснове падыходу, прынятага апосталамі і Касцёлам. Напружаныя на працягу многіх стагоддзяў адносіны з дзяржаўнымі органамі навучылі Касцёл настойваць на аўтаноміі, як сваёй уласнай, так і дзяржавы, і змагацца за незалежнасць і свабоду Касцёла ў розных краінах.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што ні адна дзяржава ніколі не была і не будзе самадастатковай, і што яе мэтай з’яўляецца забеспячэнне агульнага дабра ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. “Ні адна краіна не можа функцыянаваць у якасці закрытага грамадства; асобныя народы з’яўляюцца часткай чалавечай сям’і – іх поспех залежыць ад знешніх адносін і агульнага дабра іх усіх. У гэтым сэнсе Касцёл заўсёды спрыяў канцэпцыі аб’яднанай Еўропы, як нечага цэласнага, задоўга да таго, як асобныя дзяржавы загразлі ў нацыяналісцкай і ізаляцыянісцкай палітыцы.

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі патлумачыў, аднак, што палітычная бесстароннасць не азначае адыходу ад палітыкі, і што трансцэндэнтальны пункт гледжання Касцёла заўсёды дазваляе мець больш шырокі погляд, які дазваляе засяродзіцца на агульнай карысці ўсёй чалавечай сям’і.

“Прымаючы такі пункт гледжання, Бэнэдыкт XV дзейнічаў на карысць народаў, якія пакутуюць, незалежна ад боку, які прадстаўлялі, спасылаючыся на прынцыпы справядлівасці, у тым ліку прынцып павагі, з якой трэба ставіцца до таго, хто прайграў. Таксама можна сказаць і пра Францішка, які, выступаючы ад імя людзей, што бягуць ад вайны, пераследаў, стыхійных бедстваў і галечы, заклікае краіны прыняць, абараняць і садзейнічаць інтэграцыі мігрантаў і бежанцаў”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 мая 2019, 10:17