Пошук

Vatican News
Сабор Нотр-Дам пасля пажару. Ілюстрацыйнае фота Сабор Нотр-Дам пасля пажару. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Айцец пасля пажару ў Нотр-Дам: смутак і салідарнасць

17 красавіка 2019 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, Францішак яшчэ раз выказаў салідарнасць з французскім народам пасля пажару ў парыжскім саборы Нотр-Дам.

“Карыстаюся магчымасцю, каб выказаць дыяцэзіяльнай супольнасці Парыжа, парыжанам і ўсяму французскаму народу маю любоў і блізкасць пасля пажару ў саборы Нотр-Дам. Дарагія браты і сёстры, мне вельмі сумна, я адчуваю сябе блізкім да вас усіх. Тым, хто працаваў, нават рызыкуючы жыццём, каб захаваць базыліку, я выказваю падзяку ўсяго Касцёла. Няхай Дзева Марыя благаславіць і падтрымлівае працу па рэканструкцыі: няхай гэта будзе супольная справа, на хвалу Божую!”, - сказаў Святы Айцец.

Таксама ў сваім твітэр-паведамленні Францішак спаслаўся на парыжскую трагедыю і заклікаў ператварыць смутак ад разбурэння храма ў надзею ад яго адбудовы.

Часовы кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, Алесандра Джызоці паінфармаваў на сваім твітэр-канале, што 16 красавіка 2019 г. адбылася тэлефонная размова Францішка з Прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. Святы Айцец выказаў сваю салідарнасць з французскім народам, які перажывае трагедыю пажару ў Нотр-Дам.

Храм загарэўся ў панядзелак, 15 красавіка 2019 г., увечары. Агонь распаўсюдзіўся вельмі хутка, у выніку абрынуўся шпіль, пашкоджанымі аказаліся апорныя канструкцыі. У тушэнні ўдзельнічалі каля 400 пажарных, ліквідаваць узгаранне ўдалося толькі ў аўторак раніцай. Па папярэдніх дадзеных, прычыны трагедыі могуць быць звязаныя з рэстаўрацыйнымі працамі – частка сабора знаходзілася ў будаўнічых рыштаваннях.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 красавіка 2019, 12:41