Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ватыканскі сцяг Ватыканскі сцяг 

Ватыканскі дыпламат пра ўніверсальнасць правоў чалавека

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду ўзяў удзел у святкаванні 70-й гадавіны Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якое прайшло 10 верасня 2018 г. у страсбургскім “Палацы Еўропы”.

Свой зварот арцыбіскуп Пол Рычард Глахер назваў: “Інтэгральнае развіццё чалавека і ўніверсальнасць правоў чалавека ў кантэксце шматбаковых адносін”.

Менавіта ўніверсальны характар правоў чалавека патрабуе пастаяннага дыялогу паміж рэгіянальнымі сістэмамі іх абароны і ўсёй міжнароднай супольнасцю, сцвердзіў на самым пачатку іерарх. Ён пацвердзіў прыхільнасць Святога Пасаду абароне чалавечай годнасці.

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі назваў сучасныя выклікі для ўніверсальнасці правоў чалавека. Першы зыходзіць з мадэлі сацыяльнага развіцця, якая прапагандуецца сёння на ўзроўні развітых краін і на глабальным. У апошнія гады ў заходнім грамадстве можна назіраць усё большы і большы распад сацыяльнай тканіны. Гэта адбываецца з-за некалькіх фактараў, у тым ліку сацыяльна-эканамічнага характару. Нават на глабальным узроўні, нягледзячы на агульны рост сусветнай эканомікі, насельніцтва бяднее на фоне ўзбагачэння невялікай групы людзей.

Арцыбіскуп лічыць, што міжнародную супольнасць павінна непакоіць ідэя развіцця грамадства, заснаваная выключна на зацвярджэнні індывідуальных свабод, з малой увагай да сілы салідарнасці.

Яшчэ адным выклікам для ўніверсальнасці правоў чалавека іерарх назваў пашырэнне ідэі плюралізму, які перажывае працэс мутацыі. З аднаго боку, назіраецца рост палітычнага нацыяналізму і ідэалагічнага фундаменталізму, з іншага, частка пануючай ліберальнай культуры зрушылася ў бок радыкальна індывідуалістычнай інтэрпрэтацыі некаторых правоў, або нават да сцвярджэння “новых правоў”.

Наступная праблема ўзнікае па прычыне нестабільнасці сусветнага парадку і росту пагроз для міру, звярнуў увагу ватыканскі дыпламат. Сёння ў свеце назіраюцца сістэматычныя і вельмі сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека.

Арцыбіскуп Галахер прапанаваў магчымыя рашэнні з пункту гледжання Святога Пасаду, натхнёныя сацыяльным вучэннем Касцёла. Гаворка, між іншым, ідзе пра неабходнасць абароны палітычных і грамадзянскіх правоў разам з эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі. Абарона і пашырэнне першых і другіх маюць розную дынаміку, але адны не могуць развівацца без іншых.

Што тычыцца расту культурнага плюралізму, Святы Пасад лічыць, што адказ варта шукаць у трывалым гарантаванні права на свабоду рэлігіі, што з’яўляецца ўмовай узаемнай павагі і рэальнай роўнасці ў кантэксце плюралістычнай супольнасці.

Для адказу на многія аспекты глабальнага крызісу іерарх прапанаваў ідэю папы Францішка: паняцце “інтэгральнай экалогіі”. На думку Пантыфіка, чалавецтва сутыкнулася не з двума асобнымі крызісамі, а з адным складаным – адначасова сацыяльным і экалагічным. Таму стратэгіі рашэння патрабуюць комплекснага падыходу, які ўключае барацьбу з галечай, вяртанне годнасці адкінутым і абарону навакольнага асяроддзя.

Завяршаючы сваю прамову, арцыбіскуп Галахер нагадаў, што ўніверсальнасць правоў чалавека абапіраецца на ўніверсальны характар чалавечай асобы, уласцівы ёй у сілу яе натуральнай адкрытасці да ісціны і дабра.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 верасня 2018, 11:06