Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папскі астраном пра зацьменне Месяца

Назіранне зорнага неба можа дапамагчы нам не толькі ў спазнанні Сусвету, але і адкрыцці велічы Бога і праўды пра чалавека, перакананы айцец Габрыэле Джонці з Ватыканскай абсерваторыі.

У ноч на суботу зямляне маглі назіраць самае доўгае месячнае зацьменне ў гэтым стагоддзі. Адначасова Марс наблізіўся да Зямлі амаль на мінімальную адлегласць.

“Мы ў Ватыканскай абсерваторыі, назіраем неба такім жа чынам, што і іншыя астраномы. Але вельмі часта неба з’яўляецца крыніцай духоўнага натхнення, бо яно кажа нам пра славу Божую, гаворачы словамі Псальма. У прыгажосці сусвету мы выяўляем ускосна прыгажосць Бога. Ускосна, таму што гэта не з’яўляецца навуковым доказам існавання Бога. Аднак, усе, хто назірае неба, разумеюць, наколькі нязначным з’яўляецца чалавек супраць неабсяжнасці сусвету. І тут узнікае пытанне, наколькі гэта магчыма, што чалавек настолькі малы, як пясчынка, ставіць пытанні, якія здаюцца бясконца большымі, чым ён сам. Чалавек адкрывае ў сабе пачуццё бясконцасці, што не ўпісваецца ў яго абмежаванне. І зноў жа ўскосна, гэта адсылае нас да Бога, Які для нас вернікаў з’яўляецца Стваральнікам гармоніі, якую адкрываем у космасе”, - сказаў езуіт.

Ватыканская астранамічная абсерваторыя была заснавана ў 1774 г. у Рыме, а зараз дзве яе навуковыя групы працуюць у Кастэль Гандольфа пад Рымам і ў штаце Арызона ў ЗША, дзе лепшыя ўмовы для астранамічных назіранняў.

Ватыканская абсерваторыя: паміж навукай і верай
Навіна ў фармаце аўдыё
28 ліпеня 2018, 13:24