Францішак заклікаў да малітвы пасля нападу на храм у ЦАР
“Запрашаю да малітвы за народ Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, за краіну, якую я меў задавальненне наведаць, блізкую майму сэрцу, і ў якой у апошнія дні адбыліся сур’ёзныя злачынствы, з шматлікімі забітымі і параненымі, сярод якіх ёсць святар. Няхай Пан, праз заступніцтва Панны Марыі, дапаможа ўсім сказаць “не” насіллю і помсце, каб пабудаваць мір разам”, - сказаў Францішак 6 мая 2018 г. у Ватыкане, падчас сустрэчы з вернікамі на марыйнай малітве.
Па меншай меры дзевяць чалавек загінулі падчас узброенага нападу на касцёл Маці Божай Фацімскай у сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі Бангі. Крывавы інцыдэнт адбыўся падчас ранішняй св. Імшы. Група невядомых з агнястрэльнай зброяй і гранатамі напала на людзей у храме. Дзясяткі чалавек пацярпелі.