Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Францішак сустрэнецца ў Ватыкане з сусветна вядомымі комікамі

14 чэрвеня 2024 года Папа правядзе сустрэчу з артыстамі гумарыстычнага жанру: комікамі і камедыянтамі з розных куткоў свету.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміла Зала Друку Святога Пасада, у аўдыенцыі, якая пройдзе ў Апостальскім палацы ў 8.30 раніцы, прымуць удзел больш за 100 артыстаў. Арганізатарамі сустрэчы выступілі Дыкастэрыя па справах культуры і адукацыі і Дыкастэрыя па камунікацыі. Мэта падзеі – наладзіць сувязь паміж Каталіцкім Касцёлам і артыстамі гумарыстычнага жанру, гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Паведамляецца, што сустрэча Святога Айца з комікамі накіравана на тое, каб праславіць “прыгажосць чалавечай разнастайнасці” і падтрымаць распаўсюджванне ідэй міру, любові і салідарнасці. Яна абяцае стаць важным “момантам міжкультурнага дыялогу і абмену радасцю і надзеяй”.

У адным з інтэрв'ю італьянскаму каналу TV2000 Папа распавёў, што кожны дзень моліцца словамі святога Томаса Мора, просячы Бога дараваць яму пачуццё гумару.

Святы Айцец лічыць, што мастацтва камедыі здольна зрабіць свет больш чулым і спагадным. Падчас сваёй сустрэчы з дзеячамі мастацтва ў Сікстынскай капэле 23 чэрвеня 2023 года ён заўважыў, што само Святое Пісанне “багата момантамі іроніі, у якіх высмейваецца самадастатковасць, ліслівасць, несправядлівасць і нялюдскасць”.

10 чэрвеня 2024, 08:59