Пошук

Святы Айцец: не выключаць нікога з доступу да крыніц ведаў

Важна “абараняць ад усяго таксічнага, нездаровага і гвалтоўнага, што можа таіцца ў свеце сацыяльных сетак і тэхналагічных ведаў”, падкрэсліў 13 мая 2024 года Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля 200 выкладчыкаў і студэнтаў Ватыканскай школы палеаграфіі, дыпламатыкі і архіўнай справы, якая сёлета адзначае сваё 140-годдзе, і Ватыканскай школы бібліятэканоміі, якой споўнілася 90 гадоў.

Святы Айцец падзякаваў сваім гасцям за адукацыйныя праграмы, даследаванні і ўвагу на культурных выклікаў нашай эпохі. У гэтым кантэксце ён згадаў пра некаторыя рызыкі, звязаныя з глабалізацыяй: павярхоўнасць і абясцэньванне ведаў, складаныя адносіны з тэхналогіямі, рэфлексія пра культурныя традыцыі, якія павінны захоўвацца і прапаноўвацца без навязвання.

Францішак пажадаў, каб “ніхто не выключаўся з доступу да крыніц ведаў”, а таксама заклікаў “абараняць ад усяго таксічнага, нездаровага і гвалтоўнага, што можа таіцца ў свеце сацыяльных сетак і тэхналагічных ведаў”.

Пантыфік пажадаў, каб Ватыканскія школы заўсёды заставаліся адкрытымі на дыялог з іншымі навуковымі і адукацыйнымі структурамі, былі гасціннымі і ўважлівымі да розных форм маргіналізацыі і матэрыяльнай, культурнай і духоўнай беднасці.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што ад самага свайго з’яўлення Ватыканскія школы характарызаваліся канкрэтным падыходам да праблем і даследаванняў. Гэта лінія звязана з адносінамі з рэальнасцю, а не ідэалогіямі, якія “заўсёды забіваюць”, - падкрэсліў Папа.

“Вы вучыце і вучыцеся быць архівістамі і бібліятэкарамі, сутыкаючыся не толькі з даследаваннямі, але з жывым досведам тых, хто займаецца гэтай прафесіяй. Вам дадзены прывілей вучыцца, чэрпаючы непасрэдна з шматвекавой спадчыны, якую Архівы і Бібліятэка абавязаны захоўваць і перадаваць цяперашняму і будучым пакаленням”, - завяршыў сваю прамову Францішак.
 

13 мая 2024, 12:18