Пошук

Папа: быць дарам для Бога і дарам Бога для людзей

Захоўваць у сабе вобраз Хрыста і несці яго іншым, - заклікаў Папа членаў манаскай супольнасці абацтва Монтэведжынэ з італьянскай вобласці Кампанія, якіх 13 мая 2024 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік нагадаў, што абацтва было заснавана ў 1124 годзе святым Гульельма з Верчэлі і што яго ўзнікненне не было звязана з цудамі ці надзвычайнымі з’явамі, але ад самага пачатку задумвалася як месца малітвы, евангелізацыі і міласэрнага служэння.

Францішак зазначыў, што сэнс манаскага паклікання заключаецца ў тым, каб стаць “дарам для Бога”, ставячы на першае месца Божую справу, гэта значыць малітву. Ён нагадаў, што санктуарый Маці Божай з Монтэверджынэ знаходзіцца на вяршыні гары, куды пілігрымы часта прыходзяць пешшу, каб знайсці там суцяшэнне, надзею і абнавіць жыццёвыя сілы.

“Там іх сустракае прыгожы абраз Багародзіцы, якая мае вялікія вочы ў форме міндаля, гатовыя прыняць слёзы і малітвы, і якая паказвае ўсім, трымаючы на каленях, Дзіцятка Езуса, Божага Сына, які стаў чалавекам. Таму стаць “дарам для Бога” значыць для вас маліцца, каб таксама мець такія вялікія і добрыя вочы, і як Марыя паказваць усім, каго сустракаеце, Пана, прысутнага ў вашых сэрцах”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што падчас Другой сусветнай вайны ў абацтва Монтэверджынэ была патаемна перанесена Святая Плашчаніца, дзе захоўвалася і ўшаноўвалася ў надзейным месцы, абароненая ад рызыкі трапіць пад бамбардзіроўку. “Таксама і гэта цудоўны вобраз вашага першага паклікання: захоўваць вобраз Хрыста ў вас, каб мець магчымасць паказваць яго братам”, - дадаў ён.

Святы Айцец адзначыў, што пакліканне законнікаў заключаецца таксама ў тым, каб быць “дарам Бога”. Ён нагадаў, што гэта значыць быць манахамі, якія фізічна знаходзяцца далёка ад свету, а духоўна – вельмі блізка да яго праблем і трывог, захоўваючы ў цішыні адзінства з Панам, а ў той жа час шчодра прымаючы гасцей, станавячыся красамоўным і жывым знакам прысутнасці Бога. “Таму, дарагія браты, заахвочваю вас не паддавацца спакусе пераймання менталітэту і стылю жыцця гэтага свету, а дазваляць Богу няспынна пераўтвараць вас, абнаўляючы сваё сэрца і ўрастаючы разам з Ім, каб тыя, хто прыходзіць да вас у пошуку святла, не заставаліся расчараванымі”, - пажадаў сваім гасцям Францішак.
 

13 мая 2024, 11:28